Пётр Скарга, сапр.: Пётр Павенскі (2 лютага 1536, Груец у Мазовіі, Польшча — 12 верасня 1612, Кракаў) — царкоўны і палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай, пачынальнік польскай аратарскай прозы.
З 1552 па 1555 вывучаў філасофію ў Кракаўскім універсітэце. Узначальваў парафіяльную школу пры касцёле Св. Яна ў Варшаве (1555–1557), а потым быў хатнім настаўнікам дзяцей кракаўскага кашталяна Анджэя Тэнчынскага (1557–1562). У 1564 г., пасля высвячэння на ксяндза ў Львове, становіцца канонікам Лацінскага сабору і распачынае прапаведніцкую дзейнасць. У 1566 г. перавёўся ў Гарлічын каля Пшаворска у маёнтак Яна Кшыштафа Тарноўскага, сына вялікага кароннага гетмана Яна Тарноўскага, каб «умацаваць яго ў веры».
У 1568 г. прыехаў у Рым, дзе на наступны год (1569) уступіў у Таварыства Ісуса. Пасля выпрабаванняў у навіцыяце вывучаў тэалогію ў Collegium Romanum (пазней – Папскі Грыгарыянскі ўніверсітэт). Пэўны час выконваў абавязкі пенітэнцыярыя ў рымскай базіліцы Св. Пятра. У 1571 г. вярнуўся ў Польшчу. Быў прафесарам і прапаведнікам у Пултуску (1571–1572). Выязджаў па справах новых езуіцкіх пляцовак у Львоў, Яраслаў і Плоцк. У 1573 г. быў накіраваны ў Вільню, дзе з 1574 г. стаў спачатку намеснікам рэктара Віленскага езуіцкага калегіума, а потым першым рэктарам Віленскай акадэміі (1579–1584).
Напачатку 1580-х гг. П. Скарга па даручэнні караля Стэфана Баторыя займаўся арганізацыяй новых адукацыйных пляцовак Таварыства Ісуса на поўначы і ўсходзе Рэчы Паспалітай. У 1580 г. разам з айцамі-езуітамі Янам Аландам, Станіславам і Лянчынскім наведаў Полацк[1], пачаўшы працу па стварэнні ў горадзе калегіума. З ліста Скаргі ад 2 жніўня 1581 г. да генерала Таварыства Ісуса Клаўдзіа Аквавівы вынікае, што ў 1581 г. там ужо вяліся заняткі ў двух пачатковых класах, дзе навучалася больш за 40 чалавек[2]. (Польскі гісторык-езуіт Людвік Гжэбень пазначае, што гэтыя звесткі Скарга падае яшчэ ў лісце К. Аквавіве ад 7 сакавіка 1581 г.[3]) У далейшым Скарга працягваў курыраваць дзейнасць полацкіх езуітаў, неаднаразова наведваў горад і ў ліставанні з вышэйшымі прадстаўнікамі езуіцкай іерархіі рашуча абгрунтоўваў неабходнасць кадравай і матэрыяльнай падтрымкі заснаванага Стэфанам Баторыям калегіума. Так, напрыклад, у тым жа лісце да генерала (ад 2 жніўня 1581 г.) ён прасіў даслаць у Полацк езуітаў: муляра, каб той б мог узначаліць работы па ўзвядзенню будынкаў калегіума, і настаўніка[2]. Лічыцца першым рэктарам Полацкага езуіцкага калегіума (1582–1586)[4]. Таксама дзякуючы намаганням Скаргі былі адкрыты калегіумы ў Рызе (1582) і Дэрпце (Тарту) (1583).
Вёў актыўную барацьбу супраць Рэфармацыі. Заяўляў, што «са славянскай мовы нідзе і ніхто навукоўцам быць не можа. Ужо цяпер амаль ніхто яе дасканала не разумее. Бо няма на свеце нацыі, якая б на ім, як у кнігах напісана, казала, а сваіх правілаў і граматык з тлумачэннем для мовы гэтага не мае i быць не можа»[5]. Дзякуючы аратарскаму таленту заўсёды перамагаў сваіх апанентаў у дыспутах. Здолеў вярнуць уплывовага прыхільніка кальвінізму М. К. Радзівіла (Сіротку) у каталіцызм. 3 1584 у Кракаве. На працягу 25 гадоў (з 1588) прыдворны прапаведнік караля і вял.кн. Жыгімонта Вазы. Ініцыятар і прапагандыст Брэсцкай уніі 1596.
Празваны сучаснікамі Златавустам, яго казанні адрозніваліся красамоўствам і сведчылі пра высокую эрудыцыю. Аўтар рэлігійна-палітычных твораў: «Пра еднасць Божай царквы» (1577), «Жыціі святых» (1579), «Брэсцкі сінод» (1597), «Сеймавыя казанні» (1600), «Жаўнерскія набажэнствы» (1606), «На трэны і лямант Тэафіла Арталога» (1610) і інш. Выступаў за моцную цэнтралізаваную дзяржаву на чале з каралём з абсалютнай уладай, аднак дзеянні манарха, на думку Пятра Скаргі, павінны абмяжоўвацца правам і радай. Разам з тым палітычным ідэалам лічыў тэакратыю, пад якой разумеў кіраванне царкоўнай улады пры дапамозе караля. Абгрунтоўваў ідэю царкоўнай уніі для ўмацавання духоўнага адзінства дзяржавы. Рэзка крытыкаваў анархізм і разбэшчанасць шляхты, яе класавы эгаізм, сацыяльную няроўнасць і прыгнёт сялянства. Папярэджваў, што прамаруджванне з рэформамі па цэнтралізацыі дзяржавы можа прывесці да падзення Рэчы Паспалітай.
У ХІХ ст. П. Скарга разглядаўся польскай інтэлігенцыяй як прарок трагічнага лёсу краіны. Яму прысвечана вядомая карціна Я. Матэйкі «Казанне Скаргі» (1864).