wd wp Пошук:

Пётр Міхайлавіч Гаўрылаў

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Гаўрылаў.

Пётр Міхайлавіч Гаўрылаў (руск.: Пётр Михайлович Гаврилов) (1900 — 1979) — савецкі афіцэр, маёр, удзельнік абароны Брэсцкай крэпасці падчас Вялікай Айчыннай Вайны, Герой Савецкага Саюза (1957)[1].

Біяграфія

Нарадзіўся 17[2] (30) чэрвеня 1900 года ў вёсцы Альведзіна Казанскай губерні Расійскай імперыі (зараз Рэспубліка Татарстан) у сялянскай сям’і. Бацька памёр яшчэ да яго нараджэння (па некаторых дадзеных — калі яму споўніўся 1 год). Ва ўзросце 15 гадоў адправіўся пяшком у Казань. Працаваў у пякарні, пасля — на заводзе чорнарабочым.

Удзельнічаў ва ўсталяванні Савецкай улады ў Казані. У 1918 годзе добраахвотна ўступіў у Чырвоную Армію, ваяваў на франтах грамадзянскай вайны. Пасля вайны застаўся ў арміі. У 1922 годзе ўступіў у ВКП(б). У верасні 1925 г. скончыў Уладзікаўказскую пяхотную школу. На Каўказе ажаніўся і ўсынавіў хлопчыка-сірату. У 1939 годзе скончыў паскораны курс Ваеннай акадэміі імя М. У. Фрунзэ і сфарміраваў 44-ы стралковы полк, які ўдзельнічаў у Фінскай кампаніі[1].

У сакавіку 1940 г. полк накіраваўся ў Латвію, а потым у саставе 42-й стралковай дывізіі быў перакінуты ў Заходнюю Беларусь. У красавіку частка перадыслацыраваўся ў Брэст.

Абарона Брэсцкай крэпасці

Паштовая марка Беларусі

Пасля нападу немцаў на крэпасць 22 чэрвеня 1941 года Гаўрылаў узначаліў групу байцоў з 1-га батальёна свайго палка і дробных разрозненых падраздзяленняў 333-га і 125-га стралковых палкоў, на чале якой арганізаваў абарону на ўчастку каля Паўночных варот і Усходняга форту[1] Кобрынскага ўмацавання. Затым узначальваў гарнізон Усходняга форта, дзе з 24 чэрвеня засяродзіліся ўсе абаронцы Кобрынскага ўмацавання. Усяго ў Гаўрылава было каля 400 чалавек з дзвюма зенітнымі прыладамі, некалькімі 45-мм гарматамі і чатырохствольным зенітным кулямётам.

Толькі 24 чэрвеня пасля жорсткіх баёў гітлераўцы авалодалі Паўночнымі варотамі. Пасля агульнага штурму 30 чэрвеня, распачатага немцамі, які скончыўся захопам Усходняга форта, Гаўрылаў з рэшткамі сваёй групы (12 чалавек з чатырма кулямётамі) хаваецца ў казематах.

Застаўшыся адзін, 23 ліпеня цяжка параненым трапляе ў палон[1]. Па апісанні доктара Варановіча:

Палонны маёр быў у поўнай камандзірскай форме, але ўся вопратка яго ператварылася ў лахманы, твар быў пакрыты парахавой сажай і пылам, аброс барадой. Ён быў паранены, знаходзіўся ў несвядомым стане і выглядаў знясіленым да крайнасці. Гэта быў у поўным сэнсе слова шкілет, абцягнуты скурай. Да якой ступені дайшло знясіленне, можна было меркаваць па тым, што палонны не мог нават зрабіць глытальнага руху: у яго не хапала на гэта сіл, і лекарам давялося ўжыць штучнае харчаванне, каб выратаваць яму жыццё. Але нямецкія салдаты, якія ўзялі яго ў палон і прывезлі ў лагер, распавялі лекарам, што гэты чалавек, у чыім целе ўжо ледзь-ледзь цяплілася жыццё, усяго гадзіну таму назад, калі яны пабачылі яго ў адным з казематаў крэпасці, у адзіночку прыняў з імі бой, кідаў гранаты, страляў з пісталета і забіў і параніў некалькіх гітлераўцаў.— Смірноў С. С. «Брэсцкая крэпасць», 1965.[3]

Пасля на чатыры гады трапіў у палон. Утрымліваўся ў канцлагерах «Святыя крыжы» (Польшча), Хамельбург, Рэгенсбург, Дахау.

Пасля вайны

Пасля вызвалення з нямецкага палону П. М. Гаўрылава выключылі з ВКП(б), з прычыны страты партбілета. Аднак, адноўлены ў ранейшым вайсковым званні, восенню 1945 года ён быў прызначаны начальнікам савецкага лагера для японскіх ваеннапалонных у Сібіры, дзе атрымаў некалькі падзяк па службе (лічыцца, што ён прадухіліў эпідэмію тыфу сярод японскіх ваеннапалонных, а таксама перарываў злоўжыванні з боку японскіх афіцэраў[4]).

Пасля звальнення ў адстаўку ў сувязі з скарачэннем узброеных сіл з’ехаў у Татарстан, а затым у Краснадар, дзе ў 1955 годзе знайшоў жонку і сына, з якімі не бачыўся з першага дня вайны.[4]

Пасля выхаду на радыё ў 1955 годзе цыкла перадач пад назвай «У пошуках герояў Брэсцкай крэпасці», іх аўтарам — Сяргеем Смірновым — у 1956 годзе была напісана, і ў 1957 годзе выдадзена кніга «Брэсцкая крэпасць», у якой быў паказаны подзвіг гарнізона крэпасці ў 1941 годзе. Дзякуючы гэтаму П. М. Гаўрылаў аднавіў членства ў партыі і быў прадстаўлены да ўзнагароды.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 30 студзеня 1957 года за ўзорнае выкананне воінскага абавязку пры абароне Брэсцкай крэпасці ў 1941 годзе і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм Гаўрылава Пятру Міхайлавічу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медалі «Залатая Зорка» (№ 10.807)[4].

Пасля Гаўрылаў зрабіў шэраг паездак па СССР, актыўна займаўся грамадскай працай. З 1968 года да канца жыцця жыў у Краснадары ў доме 103 на Светлай вуліцы (у 1980 годзе яна была перайменавана ў вуліцу Гаўрылава).

Пётр Міхайлавіч Гаўрылаў памёр у Краснадары 26 студзеня 1979 годзе. Ён быў пахаваны з воінскімі ўшанаваннямі на гарнізонных мемарыяльных могілках Брэста. У 1981 годзе на магіле пастаўлены помнік (скульптар У. Лятун, архітэктар Ю. Казакоў).

Надмагільны помнік на Гарнізонных могілках у Брэсце.

Памяць

Маёр Гаўрылаў у выкананні Аляксандра Коршунава. Фільм «Брэсцкая крэпасць», 2010.

У мастацтве

Пасля выхаду ў 1957 і 1959 гадах сваіх першых кніг пра абаронцаў Брэсцкай крэпасці («Брэсцкая крэпасць» і «Героі Брэсцкай крэпасці»), Сяргей Смірноў прысвяціў дзесяць гадоў новаму, істотна перапрацаванаму і дапоўненаму, выданню кнігі «Брэсцкая крэпасць»[6]. За яе С. С. Смірноў быў уганараваны Ленінскай прэміяй 1965 года ў галіне літаратуры і журналістыкі.

Асабістыя ўспаміны П. М. Гаўрылава былі двойчы выдадзены ў Краснадары: у 1975[7] і 1980[8]. гадах.

Акрамя таго, подзвіг маёра Гаўрылава быў паказаны ў шэрагу кінафільмаў:

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 Гаврилов Пётр Михайлович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 132. — 737 с.
  2. Па старому стылю.
  3. Смирнов С. С. Брестская крепость. — Москва: Раритет, 2000.
  4. 1 2 3 Гаўрылаў Пётр Міхайлавіч / / Патрыятычны інтэрнэт-праект «Героі Краіны».
  5. Долготович Б. Д. Почётные граждане белорусских городов: биограф. справочник. — Мн.: Беларусь, 2008. — С. 6—7. — 368 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-01-0784-8.(руск.)
  6. Смирнов С. С. Брестская крепость — Москва: Издательство ЦК ВЛКСМ «Молодая гвардия», 1965.
  7. Гаврилов П. М. Сражается крепость: (Документальная повесть) / [Литературная запись А. И. Макаренко]. — Краснодар: Книжное издательство, 1975. — 94 с.: ил.
  8. Гаврилов П. М. Сражается крепость: (Документальная повесть) / [Литературная запись А. И. Макаренко]: 2-е изд., испр. и доп. — Краснодар: Книжное издательство, 1980. — 142 с.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (25):
Катэгорыя·Пахаваныя на Гарнізонных могілках (Брэст)
Катэгорыя·Ваеннапалонныя СССР
Катэгорыя·Памерлі ў Краснадары
Катэгорыя·Узнагароджаныя медалём «Дваццаць гадоў перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
Катэгорыя·Асобы на марках
Катэгорыя·Узнагароджаныя медалём «XX гадоў Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі»
Катэгорыя·Брэсцкая крэпасць
Катэгорыя·Удзельнікі савецка-фінскай вайны
Катэгорыя·Узнагароджаныя медалём «50 гадоў Узброеных Сіл СССР»
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Леніна
Катэгорыя·Нарадзіліся 30 чэрвеня
Катэгорыя·Узнагароджаныя медалём «Трыццаць гадоў перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
Катэгорыя·Памерлі 26 студзеня
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1900 годзе
Катэгорыя·Выпускнікі Ваеннай акадэміі імя М. В. Фрунзэ
Катэгорыя·Удзельнікі Грамадзянскай вайны ў Расіі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Татарстане
Катэгорыя·Ганаровыя грамадзяне Брэста
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі ў 1979 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Казанскай губерні
Катэгорыя·Дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР
Катэгорыя·Героі Савецкага Саюза
Катэгорыя·Узнагароджаныя медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»