wd wp Пошук:

Пётр Мяніцкі

Пётр Мяніцкі (польск.: Piotr Mienicki; 1 мая 1892 — 23 ліпеня 1919) — польскі ваенны дзеяч. Брат архівіста, прафесара Рышарда Мяніцкага.

Біяграфія

Па сканчэнні ў 1912 годзе Аляксандраўскай гімназіі ў Рызе паступіў на земляробчы факультэт Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве. Аднак пасля двух гадоў навучання быў пакліканы да расійскага войска. У 1915 годзе ў Маскве скончыў Аляксееўскую вайсковую школу і быў прызначаны ў 142-і Звянігарадскі полк. Даслужыўся да чыну падкапітана. У кастрычніку 1917 года пакідае шэрагі часткі і далучаецца да 1-га корпусу генерала Юзафа Даўбор-Мусніцкага. Служыў у 5-м палку 2-й стралковай дывізіі. У студзені 1918 прымаў удзел у баях з бальшавікамі за Бабруйск. Пасля расфармавання немцамі корпуса ў чэрвені 1918 года на кароткі час вяртаецца на радзіму.

Увосень 1918 году ад’язджае да Вільні, дзе ўступае ў шэрагі Самаабароны Віленскай зямлі. Быў адасланы ў Ліду дзеля дапамогі генералу Адаму Макрэцкаму ў фармаванні аддзелаў Самаабароны Лідскай зямлі. Ачоліў 2-і батальён пяхоты, што сфармаваўся з дабраахвотнікаў з Ліды, Шчучына, Радуні, Беліцы. З ад’ездам генерала ў Вільню заступае яго на чале Лідскай Самаабароны ад 12.12.1918 да 13.1.1919. Пасля аб’яднання з аддзелам маёра Дамброўскага і рэарганізацыі ў Шчучыне стаў на чале першага батальёну пяхоты Лідскага палка, але паплечнікамі ўважаецца за першага камандзіра 76-га палка Лідскіх стралкоў, што увайшоў у склад Літоўска-Беларускай дывізіі. 14 лютага 1919 года аддзел Мяніцкага ў складзе пяці афіцэраў і 57 жаўнераў разбівае бальшавіцкі аддзел у складзе 180 жаўнераў, 80 з іх бярэ ў палон, здабывае 105 карабінаў, 2 кулямёты, 16 коняў і палявую кухню, ды ўрэшце займае Бярозу Картузcкую (гэтая дата англійскім гісторыкам Норманам Дэвісам уважаецца за пачатак савецка-польскай вайны). У часе наступу 23 ліпеня 1919 года на мястэчка Камень (6 км на паўднёвы захад ад Івянца) ачольваў групу ў складзе батальёну пяхоты (453 чал.) і 10-га кавалерыйскага швадрону (50 шабляў). Калі бальшавіцкі аддзел кулямётным агнём прыціснуў жаўнераў да зямлі, ён падняў іх у атаку, але быў цяжка паранены і памёр ад страты крыві.

Пахаваны на парафіяльных могілках у Навагрудку. Пасмяротна ўзнагароджаны крыжом вайсковай доблесці Virtuti Militari.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (11):
Катэгорыя·Пахаваныя ў Навагрудку
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Virtuti Militari
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра ваенных дзеячаў без партрэтаў
Катэгорыя·Нарадзіліся 1 мая
Катэгорыя·Ваенныя Польшчы
Катэгорыя·Памерлі 23 ліпеня
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1892 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў 1919 годзе
Катэгорыя·Удзельнікі Першай сусветнай вайны
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Удзельнікі польска-савецкай вайны