wd wp Пошук:

Ziemia Lidzka

Ziemia Lidzka, «Земя Лідзка», «Лідская зямля» — рэгіянальны краязнаўчы штомесячнік. Выдаваўся з красавіка 1935 па жнівень 1939 ў Лідзе на польскай мове.

У часопісе апублікаваны дзесяткі арыгінальных артыкулаў па геаграфіі, гісторыі, этнаграфіі Лідчыны, лёсах людзей, звязаных з рэгіёнам. Апавядалася аб этнаграфічных асаблівасцях, мясцовым ладзе жыцця і народных традыцыях. Былі змешчаны мемуары М.-Б. Нарбута аб жыцці лідчан у сярэдзіне ХІХ ст. Значнае месца займалі работы па гісторыі вызвольных рухаў у войнах XVIII—XIX стст., аб лістападаўскім (1831) і студзенскім (1863) паўстаннях, аб падзеях 1812 года, польска-савецкай вайне (1919-21). Тут быў упершыню апублікаваны вядомы артыкул У. Галубовіча «Гарадзішчы і курганы Лідскай зямлі». Асвятляліся эканамічныя пытанні, шырока выкарыстоўваліся архіўныя і рукапісныя матэрыялы.

У выданні «Ziemia Lidzka» выйшлі артыкулы аб многіх асобах: лідскім старасце і заснавальніку Мірскага замка Ю. Ільінічу, археолазе В. Шукевічу, батаніку і заолагу С.-Б. Юндзіле, доктары Н. Чарноцкім, лідскіх піярах і інш.

Бібліяграфічны раздел уключаў рэцэнзіі, анатацыі, агляды, водгукі на новыя кнігі і перыёдыку.

Публікацыі звычайна суправаджаліся ілюстрацыямі. На апошняй старонцы змяшчалася рэклама.

Агульную рэдакцыю ажыццяўляў Уладзіслаў Абрамовіч. Было выдадзена 35 нумароў.

У 1990 пад назвай «Ziemia Lidzka» ў Лідзе пачало выходзіць гістарычна-краязнаўчае выданне, рэдакцыя якога дэкларуе працяг традыцый перадваеннага часопіса. Да 2007 выйшла каля 80 нумароў гэтага выдання.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·З’явіліся ў 1935 годзе
Катэгорыя·Часопісы паводле алфавіта
Катэгорыя·1935 год у Заходняй Беларусі
Катэгорыя·Гісторыя Ліды
Катэгорыя·Невызначаная мова для часопіса
Катэгорыя·Друкаваныя выданні, якія ўзніклі ў 1935 годзе
Катэгорыя·Часопісы Заходняй Беларусі
Катэгорыя·Часопісы на польскай мове