wd wp Пошук:

Пятро Рашэтнік

Пятро Рашэтнік (2 чэрвеня 192621 ліпеня 2008) — беларускі грамадскі дзеяч, сябра СБМ, ахвяра палітычных рэпрэсій, ветэран нацыянальнага руху.

Біяграфія

Нарадзіўся 2 чэрвеня 1926 года ў в. Заполле Навагрудскага павета Навагрудскага ваяводства ў Польскай Рэспубліцы. Бацька працаваў дарожным майстрам у Кашалёўскай гміне.

Скончыў пачатковую школу ў Заполлі, паступіў у польскую прыватную гімназію ў Навагрудку. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР у верасні 1939 года нядоўга вучыўся ў школе ў Навагрудку, але потым перайшоў вучыцца ў Навагрудскую беларускую гімназію, што пераехала з Вільні і дырэктарам якой першапачаткова быў вядомы беларускі дзеяч Барыс Кіт. Пасля нямецкай акупацыі працягваў вучыцца і скончыў 7-ы клас. У 1942 годзе паступіў у Навагрудскую настаўніцкую семінарыю.

У 1943 годзе па прапанове Барыса Рагулі ўступіў у Саюз беларускай моладзі. У 1944 годзе добраахвотна як сябра СБМ паехаў вучыцца ў авіяцыйную школу ў Германіі, але фактычна ягоная група вучылася на электрыкаў і была накіраваная ставіць лініі электраперадач у Аўстрыі, Югаславіі і Германіі. Пасля беларуская моладзь была распушчана і кожны зарабляў на жыццё сам, а Пятро Рашэтнік працаваў у нямецкага фермера ў Баварыі, дзе ён і застаў амерыканскае войска. Разам з іншымі быў перавезены амерыканцамі да Чэхаславакіі і перададзены савецкім уладам, якая яго забралі ў Савецкую Армію. Тры гады служыў у Чэхаславакіі, Венгрыі і Аўстрыі.

У 1948 годзе арыштаваны ў аўстрыйскім горадзе Сантпэльпэне[удакладніць]. Следства вяла контрразведка, Пятро Рашэтнік быў асуджаны на 25 гадоў за «здраду Радзіме». Трапіў у лагеры на Інце, дзе пазнаёміўся і пасябраваў з беларускімі нацыянальнымі дзеячамі Янкам Гінько, Сымонам Раманчуком і іншымі. У 1950 годзе дзякуючы Сымону Раманчуку пазнаёміўся з Ларысай Геніюш, якую тады прыслалі ў лагер. У 1953 годзе Пятро Рашэтнік разам з Міколам Канашам прабраліся праз шахту да жаночага лагеру, каб перадаць запіскі беларускім дзяўчатам і Ларысе Геніюш, а па вяртанні былі затрыманыя аховаю. Атрымалі за гэта 20 сутак арышту і на тры месяцы падаўжэння тэрміну зняволення.

З лагераў вызваліўся ў верасні 1956 года. Пасля вызвалення Пятро Рашэтнік вярнуўся на бацькаўшчыну. Жыў у Баранавічах, працаваў токарам. Працягваў сябраваць з Ларысай і Янкам Геніюшамі, іншымі былымі беларускімі палітзняволенымі.

16 студзеня 2000 года ўдзельнічаў у сустрэчы беларускіх камбатантаў у Гародні, куды прыехалі беларускія патрыёты, былыя вязні з розных гарадоў Беларусі.

Памёр 21 ліпеня 2008 года ў Баранавічах. Пахаванне адбылося 22 ліпеня на баранавіцкіх могілках.

Спасылкі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (14):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Члены Саюза беларускай моладзі
Катэгорыя·Памерлі ў Баранавічах
Катэгорыя·Нарадзіліся 2 чэрвеня
Катэгорыя·Памерлі 21 ліпеня
Катэгорыя·Памерлі ў 2008 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Навагрудскім раёне
Катэгорыя·Навучэнцы Навагрудскай беларускай гімназіі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1926 годзе
Катэгорыя·Артыкулы, у якіх трэба ўдакладніць крыніцы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Навагрудскім павеце (1921—1940)
Катэгорыя·Пахаваныя ў Баранавічах
Катэгорыя·Выпускнікі Навагрудскай настаўніцкай семінарыі