Пудако́ў[1] (трансліт.: Pudakoŭ, руск.: Пудаков) — вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Паселіцкага сельсавета.
Найранейшая на сёння згадка пра Пудакоў сустрэтая ў тарыфе падымнага падатку Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства Каралеўства Польскага 1734 года. Паселішча належала да часткі Брагінскага маёнтка, якую трымалі ў заставе яшчэ ад серадзкага ваяводы пана Яна Канецпольскага паны Сілічы[2]. У 1754 годзе з 6 двароў (×6 — прыкладна 36 жыхароў) хутара Пудакоў Брагінскага маёнтка «do grodu» (Оўруцкага замка) выплачваліся 27 грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 3 злотых, 18 грошаў[3]. У тым жа годзе маёнтак (у т. л. Пудакоў) быў куплены ў княгіні Эльжбеты Вішнявецкай Міхалавай Замойскай панам войскім ашмянскім Францам Антоніем Ракіцкім.
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) — у межах Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе адноўленага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[4]. У крыніцы, заснаванай на звестках рэвізіі 1795 года, Пудакоў названы ў пераліку паселішчаў, нібыта адабраных у стражніка польнага літоўскага Яна Мікалая Аскеркі ў «казённое ведомство за клятвопреступление», г. зн. за ўдзел у вызвольным паўстанні 1794 года[5]. Але паселішчы тыя ў большасці пан М. Аскерка трымаў у заставе ад паноў Ракіцкіх, да якіх яны і вярнуліся.
Згодна са звесткамі энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі», у 1850 годзе у Пудакове было 19 двароў. У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело] : 1857 г.» засведчана, што 246 жыхароў вёскі Пудакоў з’яўляліся прыхаджанамі Мікуліцкай Багаяўленскай царквы[9].
У парэформенны час вёска — у Мікуліцкай воласці. Паводле звестак на 1876 і 1879 гады, Пудакоў заставаўся ў прыходзе Мікуліцкай царквы[10]. Перапіс 1897 года засведчыў у Пудакове наяўнасць 71 двара з 458 жыхарамі, капліцы, ветрака. У 1909 годзе ў вёсцы было 107 двароў, 660 жыхароў[11].
9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага мірнага дагавора з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Пудакоў у складзе Мікуліцкай воласці Рэчыцкага павета, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы»[12].
1 студзеня 1919 згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР. З 8 снежня 1926 года да 30 снежня 1927 года вёска Пудакоў — цэнтр Пудакоўскага сельсавета Хойніцкага раёна Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 года Гомельскай акругі БССР. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Чырвоны прамень», працавалі вятрак і кузня. 67 вяскоўцаў загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны.
Паводле перапісу 1959 года ў Пудакове налічвалася 528 жыхароў.