Пру́гкія хва́лі — механічныя ўзбурэнні, якія распаўсюджваюцца ў пругкім асяроддзі. Узнікаюць пры землетрасеннях, выбухах, ударах.
Разнавіднасці пругкіх хваль — гукавыя хвалі і ультрагукавыя хвалі.
У вадкасцях і газах існуюць пераважна падоўжныя хвалі разрэджання-сціскання (часцінкі асяроддзя зрушваюцца ў напрамку распаўсюджання).
У ізатропных цвёрдых целах, якія маюць пругкасць зруху, існуюць падоўжныя і папярочныя хвалі (часцінкі асяроддзя зрушваюцца ў напрамках, перпендыкулярных да распаўсюджання).
У анізатропных асяроддзях (крышталях) пругкія хвалі падоўжна-папярочныя (часцінкі зрушваюцца ўздоўж трох узаемна перпендыкулярных напрамкаў, якія не супадаюць з напрамкам распаўсюджання).
Паблізу паверхні цвёрдага асяроддзя могуць існаваць паверхневыя акустычныя хвалі.
У абмежаваных цвёрдых целах (пласцінках, стрыжнях) узнікаюць т.зв. нармальныя пругкія хвалі — камбінацыя падоўжных і папярочных хваль.
На мяжы асяроддзяў пругкія хвалі адбіваюцца і пераламляюцца. Пры гэтым у цвёрдым асяроддзі ўзнікаюць і падоўжныя і папярочныя пругкія хвалі.
На перашкодах можа адбывацца дыфракцыя хваль і іх рассеянне.
З-за ўнутранага трэння (вязкасці) і цеплаправоднасці асяроддзя пругкія хвалі затухаюць з адлегласцю (гл. паглынанне хваль).
Пры вялікіх амплітудах хваль іх узаемадзеянне з асяроддзем становіцца нелінейным.
Пругкія хвалі ўлічваюцца пры тэхнічных разліках падмуркаў, станкоў, турбін, самалётаў, караблёў, пры рашэнні геафізічных задач (распаўсюджанне пругкіх хваль ад землетрасенняў, зрухаў зямной кары), пры кантролі ядзерных выпрабаванняў.