Остзейскае дваранства — сукупная назва курляндскага, ліфляндскага і эстляндскага дваранства. Этнічна належалі, галоўным чынам, да остзейскіх (балтыйскіх, прыбалтыйскіх) немцаў.
Остзейскае дваранства паходзіць у значнай частцы ад рыцараў Нямецкага (тэўтонскага) ордэна, выхадцаў з Германіі, якія агнём і мячом звярталі ў XIII — XIV стагоддзі ў хрысціянства на ўсходнім узбярэжжы Балтыкі балтыйскія і прыбалтыйска-фінскія плямёны імем Рымскага Папы і каталіцкай царквы, а новазвернутых язычнікаў, продкаў латышоў і эстонцаў, звярнулі ў паднявольных працаўнікоў на заваяваных землях Латвіі і Эстоніі. Замацаваўшыся ў заваяваных землях (ням. Ost-See — Усходняе мора, г.зн. Балтыйскае) яны заснавалі там гарады і крэпасці, і ўвялі феадальнае кіраванне. Ужо ў XVI стагоддзі остзейскія дваране перайшлі з каталіцтва ў лютэранства, заваяваныя для царквы ўладанні абвясцілі сваёй уласнасцю, а звернутых імі ў каталіцтва мясцовых жыхароў перазвярнулі ў лютэранства[1].
Падчас Першай сусветнай вайны остзейскія дваране сталі ініцыятарамі і камандзірамі мясцовых прагерманскіх нямецкіх ваенных фарміраванняў у Латвіі і Эстоніі — прыбалтыйскага ландэсвера. З дапамогай гэтых ваенных фарміраванняў яны спрабавалі перашкодзіць здабыццю падчас распаду Расійскай імперыі незалежнасці Латвіі і Эстоніі, захапіць там уладу і стварыць на іх землях нямецкае герцагства[2], манархам якога будзе прускі кароль. Пацярпеўшы паражэнне ў Эстонскай вызваленчай вайне, у якой супраць іх на боку ўзброеных сіл Эстоніі ваявалі і латышскія часці, шматлікія прыбалтыйскія немцы рэпатрыяваліся ў Германію[3]. Нямала актыўных нацыстаў былі выхадцамі з остзейскіх дваран.