Нясвіжскі кадэцкі корпус (школа, акадэмія) — ваенная навучальная ўстанова ў Нясвіжы ў XVIII ст. для падрыхтоўкі кадраў войска Радзівілаў — міліцыі.
Заснаваны вялікім гетманам ВКЛ М. К. Радзівілам Рыбанькай на ўзор Рыцарскай акадэміі ў Легніцы. Першым дырэктарам (камендантам) да 1751 быў вайсковы інжынер, паручнік Якуб Фрычыньскі. Пазней ён атрымаў пасаду маршалка двара Рыбанькі і даслужыўся ў гетмана да генеральскага чыну[1].
Паводле «Пастановы служачай да адукацыі кадэцкага корпуса» ад 25 мая 1747, на навучанне прымаліся 12 — 14-гадовыя падлеткі са шляхты. Выкладаліся французская, нямецкая, лацінская, руская мовы[2], геаметрыя, матэматыка, цывільная і вайсковая архітэктура, маляванне, айчыннае права, айчынная і агульная гісторыя. Кадэтаў абучалі верхавой яздзе, фехтаванню, танцам. Вучні павінны былі размаўляць паміж сабой на замежных мовах. Яны адбывалі вартавую службу. Кадэт мог на выбар вывучаць або «архітэктуру цывільную і жаўнерскую», або матэматыку і блізкія да яе прадметы. На кожны дзень прызначаліся розныя заняткі, але заняткі архітэктурай і матэматыкай адбываліся па чацвяргах пасля полудня[3]. З карэспандэнцыі Фрычыньскага даведваемся, што для правядзення заняткаў маляваннем і чарчэннем запрасілі нейкага мастака. А ўрокі архітэктуры вёў (праўда, не вельмі старанна) «шык-юнкер» Валодзька[4]. Кадэты таксама ўдзельнічалі ў тэатральных прадстаўленнях, што практыкаваліся пры двары Рыбанькі, жонка якога Францішка Уршуля Вішнявецкая была вялікай аматаркай тэатра і вядомай аўтаркай камедый[5].
У лістападзе 1751 было 13 вучняў. Відаць, корпус заняпаў у 1750-я г.[6]
Адроджаны К. С. Радзівілам Пане Каханку ў 1767. Ён пераўтварыў корпус кадэтаў у корпус артылерыі і фартыфікацыі. Паводле яго інструкцыі (20 кастрычніка 1767) арганізатарам і дырэктарам школы прызначаны «оберштэрлейтэнант» саксонец Францішак Ксаверый Фроліх, які ўжо да таго 3 гады быў на службе. У корпус прымалі ўжо адукаваных падлеткаў — дзяцей мяшчан з радзівілаўскіх гарадоў і шляхецкую моладзь (у іншыя кадэцкія карпусы краіны прымалі толькі шляхту). Меркавалася набраць 48 чал., але фактычна было значна менш (у кастрычніку 1770 — 17 кадэтаў). Выкладчыкамі былі пераважна немцы, а таксама кадэты папярэдніх гадоў набору. Выкладаліся французская, нямецкая мовы, матэматыка, геаметрыя, логіка, маляванне, артылерыя, архітэктура (ужо не толькі ваенная, але і цывільная). Корпус месціўся ў Нясвіжскім замку. Кадэтам штомесяц выплачвалася па 24 злотыя. Палітычная эміграцыя Радзівіла «Пане Каханку» і фінансавыя цяжкасці прыпынілі дзейнасць корпуса[7]. У сярэдзіне 1770-х г. корпус канчаткова заняпаў.