Нягне́вічы[1] (трансліт.: Niahnievičy, руск.: Негневичи) — аграгарадок у Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Нягневіцкага сельсавета. Насельніцтва 1098 чал. (2008). Знаходзяцца за 20 км на паўночны ўсход ад Навагрудка, за 44 км ад чыгуначнай станцыі Наваельня.
Першы пісьмовы ўспамін пра Нягневічы датуецца 1401. У 1428 сяло ўваходзіла ў склад Наваградскай зямлі і знаходзілася ва ўладанні вялікага князя Вітаўта, які падараваў яго сваёй жонцы Ульяне Гальшанскай.
У сяр. XV ст. Нягневічы сталі цэнтрам маёнтка Радзівілаў у Наваградскім павеце. З 1600 у мястэчку праводзілся кірмашы.
У часы Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у 1706 Нягневічы спаліла шведскае войска. Станам на 1757 тут было 67 хрысціянскіх і 29 яўрэйскіх дамоў, працавала карчма.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Нягневічы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Наваградскім павеце. У 1809 мястэчка набыў граф А. Храптовіч. Паводле вынікаў перапісу (1897) — 90 двароў, 98 дамоў, народнае вучылішча, 2 царкоўнапрыходскія школы, 2 царквы, сінагога, яўрэйскі малітоўны дом, хлебазапасны магазін, мяшчанская ўправа, 8 крам, сыраварня, карчма.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Нягневічы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Наваградскім павеце. У гэты час тут было 53 жылыя будынкі.
У 1939 Нягневічы ўвайшлі ў склад БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 зрабілася цэнтрам сельсавета. Статус паселішча панізілі да вёскі. На 1998 тут было 414 двароў.
У Нягневічах працуюць гімназія (на 1 верасня 2007 — 262 дзяцей), бальніца сястрынскага дагляду (на 25 ложкаў), амбулаторыя, пошта, філіял АСБ Беларусбанк № 416, лазня на 30 месцаў.
На могілках знаходзіцца пахаванне салдат Першай і Другой Сусветных войнаў