У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Броўка. Наталля Уладзіміраўна Броўка (нар. 30 мая 1959, г. Мінск, БССР, СССР) — доктар педагагічных навук, кандыдат фізіка-матэматычных навук, прафесар Беларускага дзяржаўнага універсітэта, прафесар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.
Наталля Уладзіміраўна Броўка нарадзілася 30 мая 1959 года ў Мінску. Пасля заканчэння гімназіі № 50 г. Мінска вышэйшую адукацыю (дыплом з адзнакай) атрымала на механіка-матэматычным факультэце Беларускага дзяржаўнага універсітэта па спецыяльнасці «Матэматыка». 1981—1986 — інжынер-праграміст вылічальнага цэнтра БДУ. Затым паступіла ў аспірантуру на кафедры тэорыі функцый механіка-матэматычнага факультэта, на якім працавала з 1991 года на пасадах асістэнта, старшага выкладчыка, дацэнта і прафесара. 1991 — абараніла дысертацыю «Відавочнае рашэнне некаторых двухэлементных задач спалучэння для аналітычных функцый» на суісканне вучонай ступені кандыдата фізіка-матэматычных навук. 2000 — прысуджана вучонае званне дацэнта па спецыяльнасці «Матэматыка». 2011 — пасля абароны дысертацыі «Інтэграцыя тэорыі і практыкі навучання студэнтаў матэматыцы як сродак павышэння якасці матэматычнай падрыхтоўкі» па спецыяльнасці 13.00.02 — тэорыя і методыка навучання і выхавання (матэматыка) прысуджана вучоная ступень доктара педагагічных навук. З 2012 да цяперашняга часу — прафесар кафедры тэорыі функцый ММФ БДУ. 2012—2013 — па сумяшчальніцтве прафесар і загадчык кафедры матэматычнага аналізу Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. З 2013 года па сумяшчальніцтве з’яўляецца прафесарам кафедры матэматыкі і методыкі выкладання матэматыкі БДПУ ім. М. Танка.
Навуковы сакіраўнік і выканаўца сумеснага навуковага праекта Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў і Расійскага гуманітарнага навуковага фонду «Метадалагічныя, метадычныя і тэхналагічныя асновы інтэграцыі нацыянальных адукацыйных стандартаў агульнай і вышэйшай славянскай (расійска-беларуска-ўкраінскай) матэматычнай адукацыі» (2013—2014). Міжнародны эксперт па выніках распрацоўкі праекта “Распрацоўка і апрабацыя новых модуляў асноўнай адукацыйнай праграмы бакалаўрыяту па групе спецыяльнасцей «Адукацыя і педагогіка» (накірунак падрыхтоўкі — фіз.-мат. навукі, матэматыка), у рамках Федэральнай мэтавай праграмы развіцця адукацыі Расійскай Федэрацыі на 2011—2015. Як член арганізацыйных камітэтаў выступала з пленарнымі дакладамі на міжнародных навукова-практычных канферэнцыях у Польшчы (Universitet Przyrodniczno-Hemanistyczny), Маскве (МПГУ, МГГУ), Яраслаўлі (ЯГПУ), Мінску (БДУ, БДПУ, АПА, НІА), Магілёве (МДУ), Брэсце (БрДУ). Кіруе аспірантамі: гранты МА РБ атрымалі аспірант БДПУ (2015) і аспірант навукова-метадычнай установы «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (2014). З’яўляецца членам рэдакцыйных калегій часопісаў «Весці БДПУ» (РБ), «Дыдактыка матэматыкі», «Актуальныя пытанні натуральна-матэматычнага адукацыі» (Украіна). Кіруе магістрантамі ў БДУ, БДПУ і БрДУ. Сапраўдны член Асацыяцыі прафесараў славянскіх краін (Сафія, 2012). Сапраўдны член РАІО (Расійскай акадэміі інфарматызацыі адукацыі).
З’яўляецца аўтарам больш за 140 публікацый, сярод якіх артыкулы і 2 манаграфіі, выдадзеныя ў Балгарыі, Германіі, Літве, Польшчы, Украіне, а таксама 14 вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў.