У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Трахтэнберг. Навум Яфімавіч Трахтэнберг (4 студзеня 1910, Бахмач Чарнігаўскай губерні Расія, Канатопскі павет, Чарнігаўская губерня, Расія — 16 кастрычніка 1977, Мінск, БССР) — беларускі і савецкі архітэктар.
Навум Яфімавіч Трахтэнберг з 1924 года жыў у Адэсе, дзе спачатку скончыў будаўнічую прафшколу, а з 1928 па 1932 год вучыўся на архітэктурным факультэце Адэскага інстытута выяўленчых мастацтваў (з 1930 г. — Інстытут інжынераў грамадзянскага і камунальнага будаўніцтва). Яго настаўнікамі былі М. В. Замечак і В. Д. Зейлігер. Член Саюза архітэктараў СССР з 1933 года[1]. У кастрычніку 1934 пераехаў у Мінск.
Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны[1]. У студзені 1942 года дэмабілізаваны па стане здароўя. У сакавіку 1944 года яго прызначылі начальнікам аддзела планіроўкі і забудовы гарадоў Упраўлення па справах архітэктуры, створанага пры СНК БССР. Навум Трахтэнберг прыняў актыўны ўдзел у аднаўленні разбуранага Мінска[2].
Працаваў галоўным архітэктарам праектаў, кіраўніком майстэрні з 1947 г. — у Белдзяржпраекце[1]. У 1953—1956 гадах узначальваў Майстэрню Генплана ў інстытуце «Мінскпраект», адначасова ў 1954—1976 гадах выкладаў у Беларускім політэхнічным інстытуце. У 1968 г. за архітэктуру цэнтральнай магістралі Мінска (Ленінскага праекта) М. Я. Трахтэнбергу была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР.
Асноўныя працы (у аўтарскім калектыве): генпланы аднаўлення, рэканструкцыі і развіцця Бабруйска (1935—1936; 1949), Магілёва (1937—1939, разам з М. Андросавым)[3], Мінска (1946; карэкціроўкі 1952, 1958—1959, сумесна з У. А. Каралём і С. Б. Спяранскім; 1965), Мазыра (1953), Маладзечна, Пінска, праект дэталёвай планіроўкі Мінска (1937—1939), праект забудовы цэнтральнай часткі Віцебска (1950), праекты планіроўкі і забудовы Ленінскага праспекта ў Мінску (Дзяржаўная прэмія БССР, 1968), планіроўка прыгараднай зоны Мінска (1959—1964), зон масавага адпачынку ў Заслаўскага вадасховішча (1968), карэктура генплана развіцця Мінска да 1980 г. (1944—1964)[1].
Адзін з аўтараў кнігі «Мінск: Паваенны досвед рэканструкцыі і развіцця» (Масква, 1966)[1].
Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1949), медалямі[1].