wd wp Пошук:

Навум Мордухавіч Альшанскі

Навум Мордухавіч Альшанскі (1917—1991) — падпалкоўнік, удзельнік Другой сусветнай вайны на баку СССР, актывіст руху за права выезду з СССР у Ізраіль.

Біяграфія

Нарадзіўся ў верасні 1917 года ў мястэчку Шчадрын (цяпер — Жлобінскі раён Гомельскай вобласці). У арміі з 1936 года. У 1939 годзе скончыў Ленінградскае ваеннае вучылішча сувязі. Па заканчэнні вучылішча працягваў ваеннную службу ў Тэрмезе, на Кушцы.

Родны брат Навума — Міхаіл — быў рэпрэсаваны ў 1939 годзе па «палітычным» артыкуле (рэабілітаваны ў 1950-я).

На савецка-нямецкай вайне — з лістапада 1941 года і да яе заканчэння. Ваяваў на Бранскім фронце, Варонежскім, 1-м, 2-м і 3-м Украінскіх, у Румыніі, Югаславіі, Венгрыі і Аўстрыі. Бацькі Альшанскага Мордух Зімелевіч і Дзіна Веніямінаўна, а таксама дзве непаўнагадовыя сястры Хана і Доба былі забітыя фашыстамі ў сакавіку 1942 года.

З баявой характарыстыкі на памочніка начальніка сувязі 74-й стралковай Кіева-Дунайскай дывізіі маёра Альшанскага Навума Мордухавіча 20.04.1945 г.: «… в период боевых действий связь вполне обеспечивала боевые операции дивизии, особенно хорошо работала радиосвязь. Руководить подчиненными в боевых действиях умеет. В сложной боевой обстановке не теряется, решения по обеспечению связью принимает правильно…»

З атэстацыі 27.5.1945 г.: «В боях решительный, инициативен. Радиосвязь в наступательно-оборонительных боях работала хорошо, управление по радио было обеспечено…» Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны першай і другой ступені, медалямі.

Скончыў вайну ў званні маёра. Па заканчэнні вайны застаўся служыць у войску, быў камандзірам роты, начальнікам штаба батальёна, камандзірам батальёна. Служыў у Румыніі, у Маскоўскай вобласці (з 1948), у Беларусі (у Бярозе і пад Мінскам). У 1961 годзе выйшаў у адстаўку ў званні падпалкоўніка. Займаўся рамонтам тэлефонаў.

У пачатку 1970-х гадоў склалася яго сяброўства з Львом Аўсішчарам, Яфімам Давідовічам ды іншымі яўрэямі, якія выступалі супраць антысемітызма і за права выезду ў Ізраіль. У 1971 годзе Альшанскі падаў заяву на выезд у Ізраіль. Пасля падачы заявы на выезд быў выключаны з партыі, разжалаваны ў радавыя і пазбаўлены ваеннай пенсіі. Падпісваў калектыўныя лісты з патрабаваннямі выпусціць усіх ахвочых у Ізраіль і спыніць пераслед габрэяў у СССР.

1 снежня 1972 года дома ў Альшанскага прайшоў ператрус па справе Кіпніса і Давідовіча. У Альшанскага і Льва Аўсішчара ў сувязі з гэтай справай ўзялі падпіскі аб нявыездзе. Альшанскі і Аўсішчар праходзілі па справе сведкамі, але іх пастаянна пагражалі перавесці ў статус абвінавачаных, шмат разоў дапытвалі. 1 лютага 1973 года ў кватэры Альшанскага прайшоў яшчэ адзін вобшук па гэтай справе. Пад ціскам пратэстаў міжнароднай грамадскасці Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР Указам ад 22 траўня 1973 года вызваліў Кіпніса і Давідовіча ад крымінальнай адказнасці, улічваючы ўдзел у вайне, заслугі ў працоўнай дзейнасці, узнагароджанне баявымі ордэнамі і медалямі СССР, прымаючы да ўвагі стары ўзрост і слабы стан здароўя, «кіруючыся прынцыпамі сацыялістычнага гуманізма» [1].

Падчас афіцыйнага візіта Брэжнева ў ЗША 18-26 чэрвеня 1973 года Леў Аўсішчар, Навум Альшанскі, Ілля Гольдзін і Міхаіл Мацэвіч праводзілі ў Мінску галадоўку пратэста з патрабаваннем выпусціць іх у Ізраіль. У адзін з дзён галадоўкі яны прыйшлі з плакатам «Голодаем! Требуем отпустить в Израиль!» да помніка загіблым у Мінскім гета, дзе і правялі некалькі гадзін, пакуль іх не затрымала міліцыя.

У сакавіку 1974 года Навум Альшанскі вярнуў воінскія ўзнагароды ў Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР і адмовіўся ад грамадзянства СССР [2].

У 1975 годзе Альшанскі атрымаў выязную візу і пераехаў з сям’ёй у Ізраіль. Жыў у Бней-Браку. У першыя гады пасля пераезду працаваў у грамадскіх арганізацыях — Аб’яднанні алім (перасяленцаў) з СССР ды Ізраільскім камітэце ветэранаў вайны. Памёр у Ізраілі 15 лютага 1991 года.

Нягледзячы на шматлікія звароты яўрэйскіх арганізацый у 90-х і 2000-х гадах у розныя інстанцыі Беларусі і Расіі, у тым ліку да Лукашэнкі і Пуціна, Альшанскаму (як і Давідовічу і Аўсішчару) так і не было вернутае афіцэрскае званне.

Сын Навума Міхаіл Альшанскі ўзначальвае Ўсеізраільскае аб’яднанне выхадцаў з Беларусі [3] [4].

Зноскі

  1. 58-10. Надзорные производства прокуратуры СССР по делам об антисоветской агитации и пропаганде. Аннотированный каталог. Март 1953—1991. Москва, 1999. С. 750.
  2. Хронология событий сионистского движения в Советском Союзе. Составители Юлий Кошаровский и Инид Вертман. 1974 г.
  3. Ринский, Михаил. Хочу закат превратить в восход // Мишпоха. 2009. № 23.
  4. «Белорус» в Израиле звучит гордо! (Интервью с Михаилом Альшанским).

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (12):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1917 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Шчадрыне
Катэгорыя·Памерлі ў Ізраілі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра ваенных дзеячаў без партрэтаў
Катэгорыя·Савецкія дысідэнты
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Памерлі ў 1991 годзе
Катэгорыя·Памерлі 15 лютага