wd wp Пошук:

Цфанія-Гедалія Якаўлевіч Кіпніс

Цфанія-Гедалія Якаўлевіч Кіпніс (1905—1982) — тэатральны мастак, актывіст сіянісцкага руху ў СССР, дысідэнт, палітычны вязень. Большую частку свайго жыцця пражыў у Беларусі.

Біяграфія

Нарадзіўся ў 1905 годзе ў мястэчку Гарошкі (сучасная назва — Харошаў, з 1927 па 2016 — Валадарск-Валынскі) Жытомірскай вобласці. Вучыўся ў яўрэйскай школе. З юнацкіх гадоў быў актывістам сіянісцкага руху, удзельнічаў у стварэнні камітэтаў «Гашамэр Гацаір» і «Гехалуц» у гарадах Украіны. Паколькі ў 1922 годзе сіянісцкая дзейнасць апынулася ў савецкіх рэспубліках пад забаронай, у 1923 годзе Цфанія Кіпніс трапіў на непрацяглы тэрмін у Жытомірскую турму.

Мастацкую адукацыю Ц. Кіпніс атрымаў у Кіеўскай яўрэйскай мастацка-прамысловай школе ў 1920-я гады.

У 1929 годзе пераехаў у Мінск. У 1930-я гады ў Мінску ствараў мастацкае афармленне кніг, працаваў тэатральным мастаком, удзельнічаў у выставах. У 1932 годзе выйшаў альбом «Ха», які складаўся з шаржаў Дэ Вэ Бэкі (псеўданім Ц. Кіпніса) і напісаных Себасцьянам Старобінскім (Міколам Хведаровічам) пародый на творы беларускіх паэтаў. Сярод кніг, аформленых Ц. Кіпнісам: «Оа» Іцыка Кіпніса (Мінск, 1929, на ідыш), «На чужым вяселлі» Ізі Харыка (Мінск, 1936, ідыш), «Хлопчык Мотка» Шолам-Алейхема ў перакладзе Змітрака Бядулі (Мінск, 1936). Працаваў у Дзяржаўным яўрэйскім тэатры БССР (з 1934 па 1941 гады быў яго галоўным мастаком), Тэатры юнага гледача. Сярод іншых, аформіў спектаклі: «Бойтрэ» М. Кульбака (1937, рэжысёр М. Рафальскі), «Два недарэкі» А. Гольдфадэна (1939, рэжысёр В. Галаўчынер), «Маленькі чалавечак» З. Аксенфельда і Э. Кагана паводле М. Мойхер-Сфорыма (1940; рэжысёр М. Сокал). Супрацоўнічаў з часопісамі «Чырвоная Беларусь», «Заклік», «Іскры Ільіча», газетай «Літаратура і мастацтва» ды іншымі перыядычнымі выданнямі. Працаваў таксама ў станкавым жывапісе.

У нямецка-савецкую вайну 1941—1945 гадоў пайшоў добраахвотнікам на фронт (хаця тэатр эвакуяваўся і працягваў дзейнасць у Новасібірску). Вайну скончыў з 14 баявымі ордэнамі і медалямі на пасадзе начальніка штаба пяхотнага батальёна. У 1945—1946 гадах па эскізах Ц. Кіпніса ў Германіі былі ўзведзеныя помнікі воінам, якія загінулі ў баях за Арнсвальд і Штаргард.

У 1946—1948 гг. Цфанія Кіпніс працаваў мастаком-пастаноўшчыкам Украінскага дзяржаўнага яўрэйскага тэатра, а ў 1948—1949 г. — галоўным мастаком Бірабіджанскага дзяржаўнага яўрэйскага тэатра.

У 1949 годзе вярнуўся ў Мінск. Працягваў працаваць у кніжнай графіцы: напрыклад, аформіў «На мяжы магчымага» Вадзіма Ахотнікава ў перакладзе Міколы Лупсякова (1950), «Соль жыцця» Айзіка Платнера (1957, у перакладзе на беларускую) ды інш. Працаваў у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек, Беларускім дзяржаўным тэатры імя Янкі Купалы, у Мастацкім фондзе БССР. Пасля выхаду на пенсію цалкам прысвяціў сябе грамадскай дзейнасці, якой займаўся і да таго. Выкладаў іўрыт, памнажаў і распаўсюджваў падручнікі па яўрэйскай гісторыі і культуры, арганізоўваў яўрэйскую мастацкую самадзейнасць, адстойваў права яўрэяў на выезд у Ізраіль, актыўна ўдзельнічаў у мемарыяльных мерапрыемствах у «Яме» (месцы згубы нацыстамі каля 5 тысяч вязняў мінскага гета). Сам падаў дакументы на выезд у Ізраіль і нечакана хутка атрымаў дазвол.

29 лістапада 1972 года Цфанія Кіпніс быў зняты ў Брэсце з цягніка Масква-Вена (разам з жонкай Эстэр) і арыштаваны. Яго ўтрымлівалі ў следчым ізалятары КДБ БССР у Мінску.

1 снежня 1972 года па той самай крымінальнай справе быў арыштаваны палкоўнік у адстаўцы Яфім Давідовіч, у кватэры якога пры вобшуку знайшлі: франтавы пісталет ТТ і 8 патронаў Цфаніі Кіпніса, якія апошні пакінуў Давідовічу пры выездзе; асабістыя запісы Давідовіча пра антысемітызм у СССР; копіі яго лістоў у савецкія і партыйныя органы і прэсу; выразкі з апублікаваных у прэсе СССР антысеміцкіх артыкулаў з пазнакамі Давідовіча і да т. п. Па стане здароўя (перанёс тры інфаркты) Я. Давідовічу абралі мерай стрымання падпіску аб нявыездзе.

Кіпнісу прад’явілі наступнае абвінавачанне: стварэнне і кіраўніцтва падпольнай антысавецкай сіянісцкай арганізацыяй; незаконнае выкладанне мовы іўрыт; выраб і распаўсюд падручнікаў; удзел у антыўрадавых дэманстрацыях; актыўная дзейнасць у нелегальных сіянісцкіх арганізацыях «Гехалуц» і «Гашомэр Гацаір» у 1920-я гады на Украіне; прапаганда ў сваёй творчасці рэакцыйных ідэй яўрэйскага буржуазнага нацыяналізму. Фактычна яго пераследавалі за легальную па законах СССР дзейнасць (напрыклад, як «удзел у нелегальных дэманстрацыях» было трактавана калектыўнае ўскладанне кветак да помніка забітым нацыстамі яўрэям Мінска ў «Яме»).

Па справе Кіпніса ў якасці сведак было дапытана больш за 150 чалавек з розных рэгіёнаў СССР. У якасці аднаго са сведкаў па справе быў выкліканы беларускі мастак Яўген Ціхановіч [1].

Пад ціскам пратэстаў міжнароднай грамадскасці Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР Указам ад 22 траўня 1973 года вызваліў Кіпніса і Давідовіча ад крымінальнай адказнасці, улічваючы ўдзел у вайне, заслугі ў працоўнай дзейнасці, узнагароджанне баявымі ордэнамі і медалямі СССР, прымаючы да ўвагі стары ўзрост і слабы стан здароўя, «кіруючыся прынцыпамі сацыялістычнага гуманізма» [2]. Па звестках Эрнста Левіна, аб вызваленні Ц. Кіпніса хадайнічаў дзяржсакратар ЗША Генры Кісінджэр на сустрэчы з міністрам замежных спраў СССР Андрэем Грамыкам.

13 ліпеня 1973 года Цфанія і Эстэр Кіпнісы прыляцелі ў Ізраіль.

У 1974—1975 Ц. Кіпніс быў мастаком тэатра «Ідытрон» (рэжысёр Леанід Лур’е, тэатр ставіў спектаклі на ідыш) [3].

Памёр 26 красавіка 1982 года ў Бат-Яме (Ізраіль), дзе пражываў апошнія гады.

Творы

Зноскі

  1. Ціхановіч, Яўген. Партрэт стагоддзя. Мінск, 2015. С. 10-14.
  2. 58-10. Надзорные производства прокуратуры СССР по делам об антисоветской агитации и пропаганде. Аннотированный каталог. Март 1953—1991. Москва, 1999. С. 750.
  3. Тырышкин Сергей. Житель иных стихий // Иные берега. 2011. № 3(23).

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (16):
Катэгорыя·Памерлі ў Тэль-Авіўскай акрузе
Катэгорыя·Памерлі ў 1982 годзе
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без партрэтаў
Катэгорыя·Артыкулы пра мастакоў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Памерлі 26 красавіка
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Мастакі паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся 1 студзеня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Мастакі Беларусі
Катэгорыя·Графікі Беларусі
Катэгорыя·Рэпрэсаваныя ў БССР
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1905 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Валынскай губерні