Міхаіл Васільевіч Селькін (30 жніўня 1947, Ветка, Гомельская вобласць) — беларускі навуковец-алгебраіст, бачны прадстаўнік Гомельскай алгебраічнай школы, рэктар Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны (1999—2004), дэпутат Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі (2000—2004).
З адзнакай скончыў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт (1969). У 1978 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю і стаў кандыдатам фізіка-матэматычных навук. У 1998 годзе абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Максімальныя падгрупы ў тэорыі класаў канчатковых груп». Працаваў старшым выкладчыкам, дацэнтам, намеснікам дэкана, дэканам матэматычнага факультэта, першым прарэктарам Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, рэктарам гэтага ўніверсітэта. Прафесар. Член-карэспандэнт Беларускай акадэміі адукацыі. Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь (1997).
У 2000—2004 дэпутат Савета Рэспублікі ад Гомельскай вобласці. Быў членам Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўству і дзяржаўнаму будаўніцтву.
Ганаровы грамадзянін г. Гомеля (2002).