У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Гамалея. Мікалай Фёдаравіч Гамалея (17 лютага 1859(5 лютага 1859), Адэса — 29 сакавіка 1949, Масква) — савецкі ўрач, мікрабіёлаг і эпідэміёлаг, ганаровы член АН СССР (з 1940), акадэмік АМН СССР (1945). Лаўрэат Сталінскай прэміі (1943).
Мікалай Гамалея нарадзіўся ў 1859 годзе ў Адэсе, якая ў той час з’яўлялася часткай Расійскай імперыі. Скончыў Новарасійскі ўніверсітэт у Адэсе (цяпер Адэскі ўніверсітэт) у 1880 годзе і Пецярбургскую ваенна-медыцынскую акадэмію (цяпер Ваенна-медыцынская акадэмія імя С. М. Кірава) у 1883 годзе. Пазней ён стаў паважаным урачом бальніцы ў роднай Адэсе.
Мікалай Гамалея працаваў у лабараторыі Луі Пастэра ў Францыі ў 1886 годзе. Следуючы прыкладу Пастэра пасля свайго вяртання, ён далучыўся да Ільі Мечнікава ў арганізацыі Адэскай бактэрыялагічнай станцыі для вывучэння прышчэпкі супраць шаленства і для даследаванняў барацьбы супраць чумы буйной рагатай жывёлы і халеры, дзе дыягнаставаў макроту пры сухотах і падрыхтаваў вакцыну супраць сібірскай язвы[2]. Адэскі бактэрыялагічны інстытут стаў першай у Расіі бактэрыялагічнай станцыяй назіранняў.
Нягледзячы на дрэнныя ўмовы і невялікі штат супрацоўнікаў, навукоўцы змаглі дамагчыся поспеху ў высвятленні ўмоў, пры якіх прышчэпка супраць шаленства была найбольш эфектыўнай.[2] Прапанова Мікалая Гамалеі выкарыстоўваць забітых бактэрый пры прышчэпцы супраць халеры пазней была паспяхова прыменена ў шырокім маштабе.[2] Падобныя станцыі былі неўзабаве заснаваны ў Кіеве (1886), Екацерынаслаўе (1897) і Чарнігаве (1897).[3]
Пасля абароны дысертацыі ў 1892 годзе па этыялогіі халеры (апублікавана ў 1893 годзе), М. Ф. Гамалея займаў пасаду дырэктара Адэскага бактэрыялагічнага інстытута ў 1896—1908 гадах. Зрабіўшы даклад пра лізіс бактэрый Bacillus anthracis у 1898 годзе, Гамалея стаў першаадкрывальнікам антыцел, якія знішчаюць бактэрый, вядомыя як bacteriolysins[4].
Гамалея пачаў грамадскую кампанію па знішчэнню пацукоў, каб змагацца з чумой у Адэсе і на поўдні Расіі, і ўказаў на вош у якасці носьбіта тыфу.[5] У 1910—1913 гадах Гамалея рэдагаваў часопіс «Гігіена і санітарыя».[4]
У апошніх сваіх працах, у ліку якіх арганізацыя паставак і размеркавання прышчэпак супраць воспы для Чырвонай Арміі, М. Ф. Гамалея зрабіў крок да магчымай ліквідацыі воспы ў СССР.[6]
Гамалея памёр у Маскве ў 1949 годзе. Пахаваны на Новадзявочых могілках.
Мікалай Фёдаравіч Гамалея — аўтар больш за 300 навуковых прац, значная частка якіх прысвечана праблематыцы шаленства і халеры.
У 1954—1956 гадах было выдадзена шасцітомны збор навуковых прац М. Ф. Гамалеі.
Стваральнік і актыўны папулярызатар так званага інтэнсіўнага метаду прышчэпкі — ён распрацаваў і ўжыў на практыцы план мерапрыемстваў па барацьбе з эпідэміямі на месцах. На практыцы актыўна змагаўся з эпідэміямі чумы ў Адэсе, халеры на Данбасе, у Закаўказзе і ў Паволжы, сыпнога тыфу ў Санкт-Пецярбургу.
У 1888 годзе Гамалея адкрыў халерападобны птушыны вібрыён (мечнікаўскі вібрыён) — ўзбуджальніка халерападобнага захворвання птушак і зрабіў процівахалерную вакцыну. У 1894—1896 гадах Гамалея апісаў з’яву так званага гетэрамарфізму бактэрый. М.Гамалея ўпершыню прапанаваў палажэнне аб існаванні схаваных формаў інфекцыі. Яшчэ ў 1899 годзе вучоны выказаў меркаванне аб «нябачных мікробах» — узбуджальнікаў раку. Віруснай тэорыі раку ён прытрымліваўся да канца свайго жыцця.
М. Ф. Гамалея адным з першых вызначыў эпідэміялагічнае значэнне дэзынфекцыйных мерапрыемстваў у барацьбе з халерай і дэратызацыйных — у барацьбе з чумой. Грунтуючыся на вопыце барацьбы з паразітарнымі тыфамі ў начлежках дамах Пецярбурга, ён упершыню паказаў вядучую ролю дэзынсекцыйных мерапрыемстваў у барацьбе з вашывасцю пры гэтых інфекцыях, вывучаў дзеянне некаторых дэзынфекцыйных сродкаў і іх эфектыўнасць. Для яго ўжо ў той час стала яснай роля мух у перадачы кішачных інфекцый і неабходнасць узмоцненай барацьбы з імі. Ён таксама паказаў ролю грызуноў у распаўсюджванні чумы і неабходнасць абавязковага вынішчэння іх ва ўсіх выпадках.