У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Дзівакоў. Мікалай Гаўрылавіч Дзівакоў (нар. 19 красавіка 1928, в. Арлы, Горацкі раён, Магілёўская вобласць — 29 мая 2011, Мінск) — беларускі інжынер-землеўпарадчык. Заслужаны будаўнік БССР (1968).
Скончыў у 1950 годзе інжынерна-землеўпарадкавальны факультэт БДСГА па спецыяльнасці «Планіроўка і забудова сельскіх населеных месцаў». У 1950—1962 гадах працаваў у праектным інстытуце «Белдзіпрасельбуд», старэйшы інжынер, кіраўнік групы, галоўны інжынер праектаў, начальнік аддзела раённай планіроўкі; у 1962—1974 гадах намеснік старшыні Дзяржбуда БССР; у 1974—1993 гадах дырэктар інстытута «Белжылпраект».
Член Саюза архітэктараў СССР з 1973 года.
Аўтар шматлікіх праектаў забудовы сельскіх пасёлкаў у БССР і на цалінных землях. Пад яго кіраўніцтвам у 1958—1962 гадах упершыню ў рэспубліцы былі распрацаваны эксперыментальныя праекты раённай планіроўкі і прыгараднай зоны Мінска, на аснове гэтых праектаў ЦК КПБ і Саветам Міністраў БССР былі ўхвалены рэкамендацыі па стварэнні горадабудаўнічай асновы для перабудовы сёлаў, у т. л. у в. Верцялішкі. Удзельнічаў у распрацоўцы праектаў і будаўніцтве эксперыментальна-паказальных пасёлкаў у БССР, у праектаванні і рэканструкцыі Траецкага прадмесця ў Мінску.
Аўтар шэрагу публікацый па пытаннях будаўніцтва ва ўсесаюзных і рэспубліканскіх газетах і часопісах, у Бюлетэні будаўнічай тэхнікі, у зборніку «У дапамогу праектыроўшчыку» Дзяржбуда УССР.
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1986), Знак Пашаны (1971); Ганаровай граматай (1978) і Граматай (1958) Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР; залатым і трыма бронзавымі медалямі ВДНГ БССР; прэміяй Савета Міністраў СССР (1975) за распрацоўку і ўкараненне палегчаных індустрыяльных канструкцый удастоены прэміі Савета Міністраў БССР. Заслужаны будаўнік БССР (1968).
У 2013 на доме па вул. Пашкевіч № 9, у якім жыл М. Г. Дзівакоў, устаноўлена памятная дошка.