У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Сергіенка. Мікалай Васільевіч Сергіенка (нар. 23 красавіка 1952, Ахтырка, Сумская вобласць, Украінская ССР) — беларускі ваенны і палітык. Палкоўнік.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь другога і трэцяга скліканняў[1].
Нарадзіўся 23 красавіка 1952 года ў горадзе Ахтырка Сумскай вобласці Украінскай ССР.
Скончыў Саратаўскае вышэйшае ваенна-хімічнае каманднае вучылішча (афіцэр хімічных войскаў), Ваенную акадэмію хімічнай абароны імя С. К. Цімашэнкі. Праходзіў ваенную службу ў якасці камандзіра ўзвода, роты, начальніка радыётэхнічнай групы палка засечкі і разведкі ядзерных выбухаў, намесніка камандзіра, камандзіра батальёна хімічнай абароны ў Афганістане, начальніка штаба — намесніка камандзіра палка хімічнай абароны. Выконваў абавязкі камандзіра палка хімічнай абароны ў перыяд ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Пражываў у г. Баранавічы, працаваў начальнікам штаба грамадзянскай абароны Баранавічаў.
1 красавіка 2001 года на паўторных выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь другога склікання ў другім туры галасавання абраны дэпутатам ад Баранавіцкай-Усходняй выбарчай акругі № 5[2]. З’яўляўся членам Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па праблемах чарнобыльскай катастрофы, экалогіі і прыродакарыстанню. Быў членам дэпутацкага аб’яднання «За саюз Украіны, Беларусі і Расіі» («ЗУБР»), дэпутацкай групы «Сябры Балгарыі».
На парламенцкіх выбарах 2004 года ізноў балатаваўся па Баранавіцкай-Усходняй выбарчай акрузе № 5. Пасля абрання дэпутатам працаваў намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па праблемах чарнобыльскай катастрофы, экалогіі і прыродакарыстанню[1].
З 2009 года працаваў намеснікам генеральнага дырэктара РУП «Мінскэнерга»[3].
Жанаты, мае двух сыноў, якія таксама сталі ваеннымі[4].