У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Пятроў. У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Мікалай Пятроў. Мікалай Іванавіч Пятро́ў[2] (руск.: Николай Иванович Петров; 12 красавіка 1840 — 20 чэрвеня 1921) — вучоны, гісторык, літаратуразнавец, этнограф, доктар багаслоўя (1876), доктар рускай мовы і славеснасці (1907), член-карэспандэнт Пецярбургскай акадэміі навук (1916), акадэмік Украінскай акадэміі навук (1919).
Нарадзіўся ў сяле Вазнясенскае Макар’еўскага павета Кастрамской губерні. У 1850—1856 гадах вучыўся ў Макар’еўскім духоўным вучылішчы, у 1856—1861 — у Кастрамской духоўнай семінарыі[3]. У 1865 годзе скончыў Кіеўскую духоўную семінарыю. Быў прызначаны выкладчыкам славеснасці і лацінскай мовы ў Валынскую духоўную семінарыю, з 12 жніўня 1868 года сакратар яе праўлення, з 7 лістапада — магістр багаслоўя[3]. З 1870 года выкладаў у Кіеўскай духоўнай акадэміі. З 24 красавіка 1870 года — дацэнт, з 17 верасня — экстраардынарны прафесар кафедры тэорыі славеснасці і гісторыі расійскай літаратуры[3]. З 1872 года года займаў пасаду сакратара Царкоўна-гістарычнага і археалагічнага таварыства пры акадэміі. Адначасова ў 1870—1873 гадах выкладчык рускай мовы ў Кіеўскім пяхотным юнкерскім вучылішчы. У 1873 годзе быў абраны членам Савета Кіеўскай духоўнай акадэміі. У 1875 годзе абараніў дысертацыю і атрымаў ступень доктара багаслоўя і ў 1876 годзе званне ардынарнага прафесара Кіеўскай духоўнай акадэміі. У 1890—1911 гадах уваходзіў у склад яе праўлення; з 4 жніўня 1895 года — заслужаны ардынарны прафесар; з 1912 года — ганаровы прафесар[3]. 10 мая 1907 года вучоным саветам Харкаўскага ўніверсітэта М. І. Пятрову прысуджана ступень доктара рускай мовы і славеснасці. У 1916 годзе абраны членам-карэспандэнтам Петраградскай акадэміі навук і зацверджаны ў званні ганаровага члена Маскоўскай духоўнай акадэміі; 14 верасня 1918 года абраны акадэмікам Украінскай акадэміі навук[3].
Памёр М. І. Пятроў 20 (ці 21)[3] чэрвеня 1921 года. Пахаваны ў Кіеве.
Аўтар прац па царкоўнай гісторыі, археалогіі, літаратуразнаўству, этнаграфіі, філалогіі, музейнай справе, гісторыі тэатра і інш. Быў членам 40 навуковых таварыстваў, у тым ліку Рускага археалагічнага таварыства, Гістарычнага таварыства Нестара-летапісца, Украінскага навуковага таварыства ў Кіеве[3].
У 1884—1887 гадах рэдагаваў «Киевские епархиальные ведомости»[3].