wd wp Пошук:

Музей турэцкага і ісламскага мастацтва

Музей турэцкага і ісламскага мастацтва (турэцк.: Türk ve İslam Eserleri Müzesi) — музей у Стамбуле, размешчаны ў гістарычным палацы Ібрахіма-пашы[ru] на плошчы Султанахмет.

Гісторыя

Узнікненне Музея турэцкага і ісламскага мастацтва ў Стамбуле звязана з назапашваннем прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Музеі археалогіі і зброі, заснаваным турэцкімі ўладамі ў 1846 г. у царкве Святой Ірыны (пабудавана ў ІV ст. н.э.) і пераведзеным пазней у палац Чынілі-кёшк (Кафляны павільён)[uk] (пабудаваны ў другой палавіне ХV ст.). У пачатку ХХ ст. калекцыі музея былі падзелены.

Археалагічныя матэрыялы і зброю перадалі ў Музей старажытнасцей, а калекцыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва перайшла ў падпарадкаванне Упраўлення мячэцей. Намаганнямі апошняга ў 1914 г. Музей турэцкага і ісламскага мастацтва адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў.

У 1983 г. у адным з прыгажэйшых будынкаў горада — палацы Ібрахіма-пашы[ru] — адбылося ўрачыстае адкрыццё новай экспазіцыі музея, прымеркаванае да дня вернісажу 18-й б’енале «Анаталійскія цывілізацыі». У экспазіцыі гледачы ўбачылі помнікі матэрыяльнай культуры, сабраныя ў мячэцях, манастырах, маўзалеях, а таксама падчас археалагічных раскопак на працягу дзесяцігоддзяў. У асобных раздзелах прадстаўлены унікальныя калекцыі дываноў, ранніх ісламскіх рукапісаў, вырабаў з металу, гліны, каменю, дрэва, якія датуюцца ХІІІ—ХІХ ст.

Акрамя экспазіцыйных раздзелаў, пабудаваных па сістэматычнаму прынцыпу, у музеі можна ўбачыць рэканструкцыі памяшканняў для правядзення абрадаў абразання і шлюбу, інтэр’ер турэцкай лазні і жытла анаталійскіх вандроўнікаў. Ёсць матэрыялы, які распавядаюць пра традыцыйны турэцкі базар. Падчас праектавання экспазіцыі дызайнеры імкнуліся дасягнуць гарманічных суадносін старажытных інтэр’ераў з сучасным экспазіцыйным абсталяваннем шляхам абмежавання колькасці экспанатаў, зняцця перагародак паміж памяшканнямі, ператварэння аконных праёмаў у вітрыны.

Шэраг памяшканняў у палацы аддадзены пад выставачную і канферэнц-залу, бібліятэку, рэкрэацыйную зону, фондасховішча, адміністрацыйныя службы, фотастудыю, рэстаўрацыйныя і іншыя майстэрні. На працягу першага месяца пасля адкрыцця экспазіцыю Музея турэцкага і ісламскага мастацтва наведалі каля 11 тыс. чалавек. Усе работы па стварэнні новай экспазіцыі фінансавала Міністэрства культуры і турызму Турцыі.

Галерэя

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Музеі Стамбула
Катэгорыя·Музеі, заснаваныя ў 1914 годзе
Катэгорыя·Плошча Султанахмет
Катэгорыя·1914 год у Турцыі
Катэгорыя·Музеі паводле алфавіта
Катэгорыя·Ісламскае мастацтва