wd wp Пошук:

Мова нанова дзеткам

«Мова нанова дзеткам» — бясплатныя развіццёва-забаўляльныя курсы беларускай мовы для дзяцей[1]. Першыя заняткі курсаў адбыліся 5 кастрычніка 2014 года, апошнія (6 сезон) прайшлі ў пачатку сакавіка 2020 года[2]. Курсы падзяляліся на дзве групы: дзеці 4—6 год, і дашкольнікі-малодшыя школьнікі 6—10 год, крытэрам падзелу было самастойнае чытанне дзіцяці[3]. Кіраўнік курсаў — пісьменніца Алена Церашкова[4].

Гісторыя

Курсы «Мова нанова дзеткам» былі створаны па ініцыятыве арганізатараў і слухачоў курсаў «Мова нанова»[5]. Пра арганізацыю курсаў было абвешчана 29 верасня 2014 года[5]. Выкладаць і праводзіць курсы прапанавалі пісьменніцы і перакладчыцы Алене Церашковай (асноўны занятак – лекар, сківічна-тваравы хірург), маці чатырох беларускамоўных дзетак. Мэтай курсаў было абуджэнне цікаўнасці да беларушчыны ў сем’ях[5].

Першыя заняткі для дашкольнікаў прайшлі 5 кастрычніка ў Галерэі сучаснага мастацтва «Ў» у Мінску. Яны сабралі прыблізна 60 дзяцей (па 30 чалавек у кожнай групе)[6].

У розныя часы курсы парводзіліся ў Галерэі «Ў», кнігарні «Галіяфы», рэдакцыі часопіса «Вясёлка». Апошнім часам курсы праходзілі ў памяшканні «Грай Кафэ» (Мінск, вул. Інтэрнацыянальная, 33), заняткі былі спыненыя падчас каранавіруснай пандэміі 2020 года. Агулам курсы трывалі пяць з паловай сезонаў. Сувядоўцамі курсаў у розныя часы былі Раман Кушнярук, Аксана Акуневіч, Валерыя Міхалевіч, Наталля Давыдоўская, Таццяна Крыцкая, сярод пастаянных гасцей — Серж Мінскевіч, Кацярына Глухоўская, Алена Масла, Андрусь Такінданг, Зміцер Вайцюшкевіч, Сяржук Доўгушаў, Раман Арлоў, а таксама праекты «Лямцавая Батлейка» (серыя пра Маму Му і Крумкача, чытанне кнігі пра Біла і Болу), «Альтанка для чытанкі», тэатр Таццяны Галуза «Зялёны яблык», музычны гурт «Агатка-бэнд»[3].

Праграма курсаў

Алег Грушэцкі на курсах «Мова нанова дзеткам» з прэзентацыяй сваёй кнігі[7]

Праграма курсаў пераважна складалася з аўтарскіх матэрыялаў і адаптавалася пад канкрэтныя групы дзяцей. Кожныя заняткі мелі розныя тэмы, як і на дарослых курсах. Падача матэрыялу адбывалася праз азнаямленне з тэматычнымі прэзентацыямі, літаратурнымі творамі і прагляд беларускамоўных мультфільмаў. У навучальным працэсе выкладчык выкарыстоўвала загадкі, развучвала з дзецьмі песні[2]. Падчас курсаў дзеці бавіліся ў моўныя гульні і развучвалі фізічныя практыкаванні, далучаліся да народнага майстэрства і рукадзелля (выцінанкі, лялькі-крупенічкі, гліняныя вырабы, паштоўкі, самаробкі). Нярэдка на пляцоўцы курсаў адбываліся прэзентацыі новых беларускіх кніг для дзетак, сустрэчы з беларускімі літаратарамі і культурнымі дзеячамі, ладзіліся тэатральныя імпрэзы[3].

Заняткі праходзілі штонядзелі прыблізна 45 хвілін, падчас каторых дзеці развучвалі і чыталі вершы, цікавосткі, чыстагаворкі, прыказкі і прымаўкі, разгадвалі рэбусы і крыжаванкі, рабілі лагарытмічныя практыкаванні, заданні на логіку, кемлівасць ды ўважлівасць. Адзнакі нікому не ставілі, але навучэнцы ў якасці хатняга задання атрымлівалі друкаваны аркуш з карыснай інфармацыяй і заданнямі.

Удзельнікі курсаў святкуюць беларускія святы. Па завяршэнні навучальнага года ладзіцца выпускны[3].

Выданні

З 2019 года пры курсах пачала выдавацца ў электронным выглядзе некамерцыйная развівальна-забаўляльная самадрукаваная газета «Чорная шуфлядка», прыдатная для спампавання і чорна-белага друку на звычайнай друкарцы. На старонках газеты можна знайсці разнастайныя заданні і практыкаванні, разлічаныя на старэйшых дашкольнікаў і малодшых школьнікаў, у залежнасці ад узроўня валодання мовай і навыкаў чытання. Таксама друкуюцца рэбусы і крыжаванкі. Кожны чытач упаўнаважаны дзяліцца матэрыяламі газеткі з усімі ахвочымі ў некамерцыйных мэтах[8].

Зноскі

  1. «Мова Нанова дзеткам» распачынае 4 сезон(нявызн.). Наша Ніва (1 верасня 2017). Праверана 8 сакавіка 2020.
  2. 1 2 «Мова нанова» запустила занятия для дошкольников(нявызн.) (недаступная спасылка). БелаПАН (5 кастрычніка 2014). Архівавана з першакрыніцы 29 сакавіка 2018. Праверана 8 сакавіка 2020.
  3. 1 2 3 4 «Мова Нанова дзеткам» распачынае 4 сезон(нявызн.) (1 верасня 2017).
  4. 40 чалавек сабралася на першыя заняткі «Мова нанова» для дашкольнікаў у Мінску(нявызн.). Наша Ніва (6 кастрычніка 2014). Праверана 8 сакавіка 2020.
  5. 1 2 3 «Мова нанова» запускает курсы белорусского языка для детей дошкольного возраста(нявызн.). Наша Ніва (30 верасня 2014). Праверана 8 сакавіка 2020.
  6. Настасся Маланка Першыя заняткі «Мова Нанова Дзеткам» сабралі прыблізна 60 дзяцей(нявызн.). Новы Час (5 кастрычніка 2014). Праверана 8 сакавіка 2020.
  7. Мінчукоў запрашаюць на прэзентацыю кнігі для дзетак «Краіна Вымярэнія»(нявызн.). Новы Час (9 лістапада 2019). Праверана 11 лістапада 2019.
  8. [http:// www.movananova.by/dzetkam-zaniatki/chornaya-shuflyadka-kanec-2019-pachatak-2020-gg-2-9.html “ЧОРНАЯ ШУФЛЯДКА” — самаробная газетка ад Мова Нанова Дзеткам. Нумары 2-9](нявызн.). movananova.by (7 кастрычніка 2019). Праверана 16 сакавіка 2020.
Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·З’явіліся ў 2014 годзе
Катэгорыя·Арганізацыі, заснаваныя ў 2014 годзе
Катэгорыя·Вывучэнне беларускай мовы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Арганізацыі без геаграфічных каардынат
Катэгорыя·Арганізацыі паводле алфавіта
Катэгорыя·2014 год у Мінску
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных