Марына Мікалаеўна Бяльзацкая (4 снежня 1913, Масква — 2004) — беларуская савецкая артыстка балета і балетмайстар. Заслужаны дзеяч культуры БССР (1968), Народная артыстка БССР (1977)[1]. Лаўрэат прэміі УЦСПС.
З адзінаццаці год засталася круглай сіратой і выхоўвалася ў доме ў свайго дзядзькі — вядучага танцоўшчыка і балетмайстра Вялікага тэатра, заслужанага артыста РСФСР Жукава Леаніда Аляксеевіча. У 1923 годзе паступіла ў балетны тэхнікум пры Дзяржаўным Акадэмічным Вялікім Тэатры СССР (зараз Маскоўская дзяржаўная акадэмія харэаграфіі(руск.) бел.), які скончыла ў 1931[1].
Па заканчэнні, працавала артысткай балета ДАВТ СССР. Пасля здымак у фільме Аляксандрава(руск.) бел. Вясёлыя рабяты, паступіла артысткай балету ў джаз-аркестр РСФСР, пад кіраўніцтвам Л. Уцёсава(руск.) бел., пазней зноў вярталася ў Вялікі Тэатр, працавала ў некалькіх тэатрах аперэты.
Падчас Вялікай Айчыннай Вайны не паспела эвакуіравацца з Масквы разам з тэатрам і была мабілізавана. Па мабілізацыі працавала санітаркай шпіталя з кастрычніка 1941 па люты 1942 года. Пасля дэмабілізацыі, паступіла ў Дзяржаўны Цырк(руск.) бел. танцоўшчыцай. З 1944 працавала ў джаз-аркестры БССР пад кіраўніцтвам Эдзі Рознера, дзе пазнаёмілася са сваім мужам Адамам Бяльзацкім, музыкантам аркестра.
У красавіку 1946 нарадзіла дачку Лёду, а ў канцы 1946 джаз быў разагнаны (як не савецкі) і шмат якія яго ўдзельнікі (у першую чаргу Э. Рознер) былі арыштаваны. Працавала ў Яраслаўлі ў мясцовым тэатры аперэты і паралельна вяла танцавальны гурток пры Упраўленні Паўн. Жад. дарогі.
З 1947 года — салістка Тэатра музычнай камедыі БССР, з 1949 ансамбля аперэты пры Белдзяржэстрадзе[1].
З 1957 года працавала ў Палацы прафсаюзаў ў якасці педагога-рэпетытара двух балетных студый. У тым жа годзе па свайму пачыну пачала займацца з дзецьмі, якія не прайшлі па конкурсе ў гэтыя балетныя студыі[1]. У пачатку 1958 ансамбль без назвы заняў першае месца ў Рэспубліканскім аглядзе дзіцячай мастацкай самадзейнасці. Калектыў тэрмінова атрымлівае афіцыйны статус, а Марына Мікалаеўна становіцца штатным кіраўніком гуртка народнага танца. 28 лютага ансамбль атрымаў сваю назву — «Равеснік», і гэты дзень лічыцца днём народзінаў калектыву.
У сваіх жыццярадасных, маляўнічых, адзначаных багатай фантазіяй пастаноўках (больш за 100, сярод іх тэматычныя кампазіцыі «З чаго пачынаецца Радзіма», «Піянеры Беларусі», «Дружба народаў», «Ляціце, галубы») балетмайстар улічвала рэальныя фізічныя і псіхалагічныя магчымасці дзяцей[1].
У 1964 годзе калектыў першым з дзіцячых самадзейных калектываў атрымаў званне народны. У 1968 годзе Марына Мікалаеўна атрымлівае званне заслужанага дзеяча культуры БССР, у 1977 годзе — званне народнай артысткі БССР. У 1980 ансамбль стаў лаўрэатам прэміі Ленінскага камсамола(руск.) бел..
У 1996 годзе з-за шматлікіх рознагалоссяў з кіраўніцтвам пакінула калектыў, «па ўласным» жаданні, але неафіцыйна заставалася яго кіраўніком да канца снежня 1999 года, калі ў ансамбль па патрабаванні начальства быў дасланы новы кіраўнік. Тады ж з ансамбля пайшлі і ўсе тыя, хто раней працаваў пад яе кіраўніцтвам. Памерла Марына Мікалаеўна 28 лістапада 2004 года ў сваёй мінскай кватэры, у доме № 18 па праспекце Машэрава.
Медаль «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне», ордэн «Знак Пашаны», імянныя гадзіннікі ад камандуючага Войскамі Варшаўскага дагавора «За садзейнічанне ва ўмацаванні дружбы і супрацоўніцтва паміж краінамі ВД». Заслужаны дзеяч культуры БССР (1968), Народная артыстка БССР (1977)