Марцін Гаштольд (? — 1483) — прадстаўнік роду Гаштольдаў, сын Яна (Івашкі), бацька Альбрэхта і Альжбеты. Староста новагародскі (1464—1471), першы ваявода кіеўскі (1471—1480?), маршалак земскі (1481), ваявода троцкі (1481—1483).
Вядомы як мудры і цывілізаваны правіцель, стрымліваў злоўжыванні магнатаў. Быў двойчы жанаты з князёўнамі Гальшанскімі: шлюб з дачкой Сямёна Гальшанскага-Трабскага прынёс яму маёнтак Трабы, каля Гальшан, частку Глускай воласці на р. Пціч, а шлюб з Ганнай, дачкой князя Юрыя Гальшанскага, частку Гальшан і Глуска з Дубровіцай, таксама Задзвеі і Котлава.
Пасля смерці ўдзельнага кіеўскага князя Сямёна Алелькавіча, прызначаны вялікім князем літоўскім Казімірам Ягелончыкам ваяводай кіеўскім. Аднак кіяўляне не пусцілі яго ў горад. У 1471 г. з дапамогаю войска ўзяў Кіеў і паклаў канец для існавання Кіеўскага княства. Падтрымкі сярод гараджан не знайшоў, пакінуў пасаду ў 1475 г.