wd wp Пошук:

Майк Пампеа

Майк Пампеа (англ.: Michael Richard Pompeo; нар. 30 снежня 1963, Оранж, Каліфорнія, ЗША) — амерыканскі дзяржаўны дзеяч, дыпламат. Дзяржаўны сакратар ЗША з 26 красавіка 2018 года па 26 студзеня 2021 года.

Дырэктар Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення з 23 студзеня 2017 года па 26 красавіка 2018 года. Быў прадстаўніком штата Канзас ў кангрэсе (2011—2017) і з’яўляецца сябрам руху чаявання ў Рэспубліканскай партыі.

У пачатку лютага 2020 года наведаў Беларусь з рабочым візітам, падчас якога сустрэўся з вышэйшымі службовымі асобамі дзяржавы, а таксама ўшанаваў памяць Тадэвуша Касцюшкі.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сям’і амерыканца італьянскага паходжання. Яго прадзед Карла Пампеа і прабабуля Адэліна Толіс нарадзіліся ў італьянскім горадзе Пачэнтра (вобласць Абруцца) ды перасяліліся ў ЗША ў 1899 і 1900 гадах. У 1982 годзе скончыў Лос-Амігаскую школу ў Фаўнтэйн-Велі (акруга Орандж, штат Каліфорнія), дзе гуляў у баскетбольнай дружыне нападнікам. У 1986 годзе скончыў Ваенную акадэмію ЗША ў Уэст-Поінце (штат Нью-Ёрк) па спецыяльнасці кіраванне ў інжынернай справе ды быў лепшым у класе паводле паспяховасці. У 1986—1991 гадах служыў у Войску ЗША ў Заходняй Германіі. У якасці афіцэра 7-га кавалерыйскага палка 4-й пяхотнай дывізіі даслужыўся да капітана. У 1994 годзе атрымаў званне доктара права ў Гарвардскай школе права (Кембрыдж, штат Масачусетс). У дактарантуры працаваў адным з 78 рэдактараў «Гарвардскага часопіса права і публічнай палітыкі» і 81-мясцовай радзе рэдактараў «Гарвардскага агляду права». Пасля працаваў праўнікам у Вашынгтоне на ТАА «Уільямс і Коналі». У 1998 годзе разам з 3-ма былымі аднакурснікамі скупіў 3-х вытворцаў самалётных дэталяў ва Уічыце (штат Канзас) і аднаго ў Сент-Луісе (штат Місуры), якія злучыў у прадпрыемства «Тэер». Каля 20 % сродкаў на скупку забяспечылі мясцовае прадпрыемства «Промыслы Коўка», даласкае «Кардынальныя ўкладанні» (штат Тэхас) і «Бейн і кампанія» (Бостан, штат Масачусетс). У 2006-м прадаў долю ў прадпрыемстве давернаму фонду «Хайлэнд» (Далас) і стаў кіраўніком «Сентры Інтэрнэшнл», дзе «Промыслы Коўка» таксама мелі долю. У 2007—2009 гадах быў дыяканам прэсвітэрыянскай царквы і настаўнікам у нядзельнай школе.

Дзяржаўная дзейнасць

У 2010 годзе абраўся дэпутатам ад Рэспубліканскай партыі ў Палату прадстаўнікоў ЗША па 4-й акрузе штата Канзас. У якасці перадбывабарчага ахвяравання атрымаў $80 000 ад «Промыслаў Коўка». У 2012, 2014 і 2016 гадах перавыбіраўся дэпутатам Палаты прадстаўнікоў ЗША, дзе працаваў у Пастаянным камітэце па выведцы і Сталым камітэце па энергіі і гандлі. У Кангрэсе ЗША належаў да фракцыі канстытуцыяналістаў і браў удзел у руху чаявання ў складзе Рэспубліканскай партыі. 23 студзеня 2017 годзе заняў пасаду кіраўніка Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення ЗША. У лютым 2017 года наведаў Турцыю, дзе дамовіўся з прэзідэнтам Рэджэпам Эрдаганам пра супольныя захады супраць Ісламскай дзяржавы ў Сірыі. Таксама ў лютым наведаў Саудаўскую Аравію, дзе ўзнагародзіў спадкаемнага прынца Мухамеда ібн Наіфа медалём Джорджа Тэнета. 1 красавіка 2018 года наведаў Паўночную Карэю, дзе перамовіў з вярхоўным правадыром Кім Чэн Ынам для падрыхтоўкі сустрэчы з прэзідэнтам ЗША ў Сінгапуры 12 чэрвеня. 26 красавіка 2018 года заняў пасаду дзяржаўнага сакратара ЗША. У жніўні 2018 года падзякаваў саудаўскаму спадкаемнаму прынцу Мухамеду ібн Салману за падтрымку ў паўночна-ўсходняй Сірыі. 23 студзеня 2019 года абвясціў аб прызнанні Хуана Гуайды ў якасці выканаўцы абавязкаў прэзідэнта Венесуэлы. У лістападзе 2019 года паведаміў, што ўрад ЗША перастаў разглядаць ізраільскія паселішчы на Заходнім беразе ракі Іардан ў якасці парушэння міжнароднага права.

Беларусь

Асноўны артыкул: Амерыканска-беларускія адносіны 1 лютага 2020 года ў мінскім Палацы Незалежнасці дзяржаўны сакратар ЗША Майкл Пампеа сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Пампеа заявіў, што пасля 12-гадовага перапынку ўрад ЗША прызначыць пасла ў Беларусі, «каб амерыканскія прадпрыемствы былі тут». Таксама ён ухваліў супрацу з урадам Беларусі ў змаганні супраць тэрарызму. Перад гэтым А. Лукашэнка згадаў, што ў бытнасць Пампеа кіраўніком Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення ЗША (2017—2018) «на мяжы з Беларуссю разам затрымалі злачынцаў, якія перамяшчалі цераз мяжу ядзерныя матэрыялы ў бок Захаду». Дзяржсакратар ЗША адзначыў падпісанне ўрадам Беларусі дагавораў з Міністэрствам абароны ЗША, Федэральным бюро расследаванняў і Упраўленнем па барацьбе з наркотыкамі пры Мінюсце ЗША. Ён заўважыў: «Гэта палепшыць сумесную працу ў такіх галінах, як бяспека межаў, кібербяспека, барацьба з незаконным абарачэннем наркотыкаў». За зачыненымі дзвярыма прайшлі перамовы наконт уступлення Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю[4].

Зноскі

  1. https://religionnews.com/2018/04/19/5-faith-facts-about-mike-pompeo-a-divisive-devotion/
  2. 1 2 Biographical Directory of the United States Congress
  3. (unspecified title) Праверана 4 сакавіка 2021.
  4. Марыя Дадалка. «Вы прыехалі ў нармальную краіну, дзе жыве нармальны народ, і краіна гатова працаваць на стабільнасць і мір» // Звязда : газета. — 4 лютага 2020. — № 22 (29136). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (15):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1963 годзе
Катэгорыя·Дырэктары ЦРУ
Катэгорыя·Выпускнікі Ваеннай акадэміі ЗША
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Каліфорніі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Постаці ЦРУ
Катэгорыя·Юрысты ЗША
Катэгорыя·Нарадзіліся 30 снежня
Катэгорыя·Дзяржаўныя сакратары ЗША
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Члены Палаты прадстаўнікоў ад штата Канзас
Катэгорыя·Адвакаты ЗША
Катэгорыя·Члены Рэспубліканскай партыі ЗША