wd wp Пошук:

Магільнянскі замак

Магільнянскі замак — абарончае збудаванне пачатку XVI—XVII стст. у мястэчку Магільна Новагародскага павета (цяпер вёска Уздзенскага раёна).

Пабудаваны з дрэва віцебскім ваяводам С. Пацам на самым краі правага берага Нёмана. Чатырохвугольная ў плане пляцоўка замка (100х65 м) была абкружана валам і аддзелена ад прызамча глыбокім (каля 8 м) ровам. Ва ўсходняй частцы пляцоўкі быў бастыёнападобны выступ. Замак меў уязную браму з пад’ёмным мостам і не менш за 4 вуглавыя вежы.

Паводле інвентара 1536 г., складзенага дваранінам гаспадарскім Іванам Іванавічам, у Магільнянскім замку была розная агнястрэльная зброя: гарматы — «серпантины железные, гаковниц в ложах четыры, а на киях пять гаковниц», порах гарматны («фаска неполная»), ручніны («два фунты») і «салетры пяць фунтов». У «зброёвне» знаходзілася нямала амуніцыі, у т.л. баявыя нагалоўі («капалынов 24, шеломов 95»), пласцінчатыя даспехі («збрй бляховых на 10 похолков»), 25 кольчатых панцыраў, 10 наручаў, 4 зярцалы, адзін шчыт — «котрыгал черлеый старый» і 55 яркіх плашчоў-накідак «барвіц», якія апраналіся паверх даспехаў.

Інвентар-«попис» адзначыў, што «замок Могиленский есть будованья пана Пацова». Значыць, драўляныя абарончыя збудаванні тут узніклі паміж 1520 і 1536 гадамі. Кіравалі замкам «служебники» пана Паца Мацей і Павел Мілашэвічы. Будаўнічы лес дастаўляўся з бліжэйшай «Могиленской пущи». На працягу 1599—1602 гадоў усе магільнянскія ўладанні зноў перайшлі да Радзівілаў, якія сканцэнтравалі ў сваіх руках фактычна ўсё Верхняе Панямонне.

Замак страціў абарончае значэнне ў ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—1667). Пазней у гістарычных крыніцах ён не згадваецца. Археалагічныя даследаванні замка праводзілі А. Р. Мітрафанаў (1951), Г. В. Штыхаў (1975), Л. У. Калядзінскі (1977—1979), М. М. Чарняўскі (1979).

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Магільна (Уздзенскі раён)
Катэгорыя·Славутасці Уздзенскага раёна
Катэгорыя·Замкі Беларусі
Катэгорыя·Будынкі і збудаванні Уздзенскага раёна
Катэгорыя·Замкі Вялікага Княства Літоўскага