wd wp Пошук:

Лявон Бароўскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Бароўскі. Лявон Бароўскі (польск.: Leon Borowski; 27 чэрвеня 1784, Пінскі павет — 4 красавіка 1846, Вільня) — літаратуразнавец, філолаг, гісторык і тэарэтык літаратуры, педагог і публіцыст; адзін з вядомых прафесараў Віленскага ўніверсітэта 1820-х, калі Адам Міцкевіч і яго аднагодкі атрымлівалі ў Вільні адукацыю; член таварыства шубраўцаў.

Жыццяпіс

Скончыў гімназію ў Паставах. Вучыўся ў Віленскім універсітэце, адначасова працаваў там сакратаром (1801—1807). У 1803 атрымаў навуковую ступень кандыдата філасофіі. У 1807—1811 выкладаў рыторыку і паэтыку ў Свіслацкай гімназіі.

У 1814, пасля смерці прафесара Эўсэбіюша Славацкага, пачаў выкладаць рыторыку, паэзію, філасофскую граматыку ў Віленскім універсітэце. У 1816 атрымаў ступень магістра філасофіі, з 1821 — экстраардынарны прафесар, з 1823 — ардынарны прафесар.

Бліскучы лектар, першым пачаў вучыць на семінарах аналізу літаратуры. Аказаў значны ўплыў на А. Міцкевіча, быў адным з першых прыхільнікаў яго паэзіі і першым назваў геніям. Лекцыі Л. Бароўскага слухалі і іншыя будучыя пісьменнікі, у т.л. Сімонас Даўкантас, Сімонас Станявічус, Юльюш Славацкі.

Пасля закрыцця Віленскага ўніверсітэта (1832), у 1833 прызначаны прафесарам гамілетыкі ў рымска-каталіцкую Віленскую духоўную акадэмію і да 1842 выкладаў там гамілетыку і польскую літаратуру, пакуль Акадэмія не была перакладзеная з Вільні ў Санкт-Пецярбург. Доўгі час служыў цэнзарам польскіх выданняў.

Магіла Л. Бароўскага

Памёр у 1846 у Вільні, пахаваны на Бернардынскіх могілках. На тыльным баку надмагілля ў выглядзе скалы ў 1900 была змешчана шыльда з тэкстам на польскай мове, дзе Л. Бароўскі названы першым, хто распазнаў у А. Міцкевічы нацыянальнага генія, і тым, хто сфарміраваў самых выдатных польскіх паэтаў і празаікаў 19 ст. Помнік упрыгожаны таксама вершаванай эпітафіяй Марыі Канапніцкай.

Дзейнасць

Выгадаваны на літаратурных густах 18 ст., Л. Бароўскі лічыцца адным з заснавальнікаў рамантызму ў польскай літаратуры; спрабаваў узгадняць яго з класіцызмам. Быў знаёмы з творамі класічных літаратур. Перакладаў з латыні, французскай, англійскай на польскую мову. Сярод перакладаў Л. Бароўскага — камедыі Мальера «Скупы» і «Жанчыны філосафы», фрагменты твораў Шэкспіра, Мільтана, Байрана. Пасля Л. Бароўскага застаўся ў рукапісы пераклад «Дон Кіхота» з іспанскага арыгінала. Выдаў паэму «Манахамахія» Ігнацыя Красіцкага са сваімі навуковымі каментарамі.

У 1815—1826 супрацоўнічаў з часопісам «Dziennik Wileński», дзе публікавалася адна з галоўных прац Л. Бароўскага «Заўвагі пра паэзію і рыторыку з пункту гледжання іх падабенства і адрознення» (польск.: «Uwagi nad poezją i wymową pod względem ich podobieństwa i różnicy»). Аўтар прац па педагогіцы, біяграфіі Эўсэбіюша Славацкага, сачыненняў «Uwagi nad poezją i wymową» (1820); «Retoryka» (1824); «O poznawaniu zdolności umysłowych w młodzieży» (1826).

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (19):
Катэгорыя·Памерлі 16 красавіка
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Нарадзіліся 27 чэрвеня
Катэгорыя·Стацкія саветнікі
Катэгорыя·Пахаваныя на Бернардзінскіх могілках
Катэгорыя·Філаматы
Катэгорыя·Выкладчыкі Віленскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Пінскім павеце (Расійская імперыя)
Катэгорыя·Памерлі ў 1846 годзе
Катэгорыя·Шубраўцы
Катэгорыя·Нарадзіліся 27 мая
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Пінску
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1784 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў Вільнюсе
Катэгорыя·Нарадзіліся 5 ліпеня
Катэгорыя·Выкладчыкі Віленскай духоўнай акадэміі
Катэгорыя·Выкладчыкі Свіслацкай гімназіі
Катэгорыя·Памерлі 4 красавіка
Катэгорыя·Асобы