У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Пятруль.
Людміла Іванаўна Пятру́ль (15 верасня 1947, в. Мацвееўцы, Ваўкавыскі раён, Гродзенская вобласць, БССР) — беларускі мастак, педагог.
У 1966—1971 гадах вучылася на кафедры мастацкага афармлення вырабаў тэкстыльнай і лёгкай прамысловасці Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута ў М. А. Веціка, І. К. Утарушына, А. В. Бараноўскага. Удзельніца выставак з 1972 года[1]. У 1971—1973 гадах мастак-афарміцель тканін Баранавіцкага баваўнянага камбіната, з 1976 мастак-афарміцель Дома літаратара ў Мінску[2].
У 1980—1982 гадах выкладала ў дзіцячай мастацкай школе № 2, з 1982 года ў дзіцячай школе мастацтваў, адначасова ў 1989—1995 гадах выкладала ў Беларускай акадэміі мастацтваў[1][2].
Член Беларускага саюза мастакоў з 1984 года. Жыве ў Мінску[1].
Працуе ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве (габелен, батык), графіцы. Творчасці ўласцівы канструктыўна-асацыятыўны падыход да вырашэння тэмы, выкарыстанне традыцый беларускага народнага мастацтва, фальклорных і літаратурных матываў, яркая індывідуальнасць тэхнік ткацтва, гарманічная ўраўнаважанасць кампазіцыі і каларыту. Аўтар габеленаў: «Хлеб» і «Лён» для Дома культуры ў в. Перхавічы Баранавіцкага раёна (1973—1974), «Хатынь» (1975), «Лучынка», «Стану песняй у народзе» (абодва 1976), «Памяці дзядоў маіх» (1977), «У зачараваным царстве» (1981), «Сказ пра бульбу» (серыя; 1983—84), «Яблыня. 1941 год» (1985), «Сугучнасць» (1987), «Вярба» (1994), «Блуканне па раі» (1997), «Скрыпачы» (1999), «Парваныя пацеркі» (серыя, 2000); габеленавых партрэтаў: «М. Багдановіч», «А. Міцкевіч», «М. Цвятаева» (цыкл), «Маці», «Сын», аўтапартрэт (усе 1994—98); серый батыкаў: «Старыя, старыя багі», «Крымскія акварэлі» (абедзве 1987—88), «Адвечнае» (1994); манатыпій паводле лірыкі Цвятаевай (1970), «Анатомія кляновага ліста», «Жыццё — рух» (усе 1996), «Партрэт сына», «Гарбузы» (усе 1997), «Кветкі», «Чалавек у горадзе» (усе 1999—2000); грызайляў «Мастак і яго муза» (1970—71) і інш[2].
Піша вершы. Цыкл вершаў «Ля веснічак» уключаны ў зборнік паэзіі «Сцяжына» (1983)[2].
Сын Людмілы Іванаўны — Максім Пятруль — вядомы беларускі скульптар.
У 2001 годзе ўзнагароджана Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь[3].