wd wp Пошук:

Лукомскае гарадзішча

Лукомскае гарадзішча — археалагічны помнік у аграгарадку Лукомлі Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці.

Апісанне

Выгляд з боку вёскі

Знаходзіцца на правым беразе ракі Лукомкі. Мясцовая назва — Замак. На пагорку вышынёй 15—20 м размешчана пляцоўка памерам 63×36 м. Культурны пласт у цэнтры пляцоўкі дасягае 2,2 м, каля паўночнага краю — больш за 5 м. Пры раскопках гарадзішча на правым беразе Лукомкі даследавана пляцоўка плошчай 704 м².

Выяўлены рэшткі некалькіх археалагічных культур, якія храналагічна змяняюць адна адну: днепра-дзвінская, тыпу верхняга пласта Банцараўшчыны, матэрыялы XI — пачатку X стагоддзяў, якія належалі крывічам, вялікі магутны пласт XIXIII стагоддзяў з вялікай колькасцю знаходак, верхні пласт перыяду Вялікага Княства Літоўскага[1].

Сярод знаходак вырабы з жалеза — сашнікі, сярпы, косы, наканечнікі стрэл, ключы ад замкоў і інш. Знойдзены бранзалеты, розныя жаночыя ўпрыгажэнні, зробленыя з каляровых металаў, а таксама вырабы з косці — грабяні, праколкі, накладкі, з каменя — сланцавыя прасліцы, тачыльныя брускі. Былі вырабы са шкла — бранзалеты, каралі. Да рэдкіх знаходак належыць касцяная шахматная фігурка чалавека, касцяная пласцінка з выявамі звяроў, залатая ажурная пацерка. Гарадзішча было месцам старажытнага горада Лукомля.

Даследаванні

Выгляд з боку вёскі

Гарадзішча ўпершыню даследаваў Аляксандр Каваленя ў 1930 годзе. У 1969—1970 гадах Г. В. Штыхаў даследаваў пляцоўку на поўдзень ад гарадзішча на тэрыторыі школьнага двара і выявіў рэшткі селішча VVIII стагоддзяў. Даследавана паўзямлянкавае жытло XV стагоддзя. Знойдзены 2 бронзавыя крыжы, валютападобны нож VIII—IX стагоддзяў і шмат глінянага посуду.

На левым беразе ракі Лукомкі, насупраць гарадзішча, было выяўлена другое селішча, якое займала некалькі гектараў. Таксама даследаванае ў 1973—1974 гадах Г. В. Штыхавым. Знойдзены матэрыялы XI—XIII стст.: гліняны посуд, жалезныя і касцяныя вырабы, каменная форма для адліўкі жаночых упрыгажэнняў, ключ ад накладнога замка, падковападобная фібула.

За 0,9 км ад гарадзішча ва ўрочышчы Праклятае поле, каля дарогі на вёску Чарэя, Е. Р. Раманаў у 1886 годзе знайшоў і апісаў курганную групу, дзе 6 курганоў вышынёй 2 м размяшчаліся ў 2 рады. Знойдзены трупапалажэнні з вялікай колькасцю рэчаў, сярод якіх сякера-чакан, наканечнікі дзідаў, берасцянае вядро з жалезнымі абручамі. Датуецца XI стагоддзем. У 1966 годзе Г. В. Штыхаў раскапаў пахаванне воіна з інвентаром (у тым ліку нож, на касцяным дзяржанні якога выкаваны трызубец). Пахаванні сведчаць аб існаванні дружыннага некропаля[2].

Выгляд ад ракі

Курганны могільнік можна разглядаць як рэшткі некропаля старажытнага Лукомля. У 1888 годзе Е. Р. Раманаў адзначыў яшчэ 2 курганы ў ваколіцах Лукомля. У 1966 годзе быў даследаваны яшчэ адзін курган — «валатоўка» сярод хмызняку на левым беразе ракі Лукомкі, вядомы з 1873 года.

Зноскі

  1. Археалагічная гісторыя Лукомля // Гістарычна-краязнаўчы курс «Наша Чашніччына». Чашніказнаўства / В. В. Грыбко. — Мінск : Медисонт, 2007. — С. 23-25.
  2. Штыхов, Г. В. Лукомль: археологический комплекс железного века и средневековья / Г. В. Штыхов. — Минск : Беларуская навука, 2014. — 166 с.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Лукомль
Катэгорыя·Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя·Гарадзішчы Чашніцкага раёна
Катэгорыя·Вікіпедыя·Славутасці без геаграфічных каардынат
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з вікі-разметкай у малюнку карткі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Курганныя могільнікі Чашніцкага раёна