Лубін жоўты[3], Люпін (Lupinus luteus) — від кветкавых раслін сямейства Бабовыя (Fabaceae). Кармавая культура. Атрымаў шырокае распаўсюджанне ў сельскагаспадарчай вытворчасці розных краін. Ён лепш за іншых відаў расце на пясчаных і супясчаных глебах, а таксама мае высокую азотфіксуючую здольнасць. Акрамя таго, лубін жоўты — адна з нямногіх бабовых раслін, здольных паспяхова развівацца і фіксаваць азот на кіслых глебах.
Аднагадовыя травяністыя расліны каля 60 (80) см вышынёй. Сцеблы прамыя, тоўстыя, бароздавыя, пакрытыя рассеянымі, мяккімі, тонкімі валасінкамі. Лісце пальчастае, на доўгіх хвосціках. Лісточкі ў ліку 7-11 штук, звычайна 8-9 штук, да 6 см даўжыні, вузкія, даўгаватыя, коратка завостраныя, з доўгай, вузкай, выцягнутай асновай, бела валасістыя. Суквецце 15-30 см даўжынёй, верхавіннае, шматкветкавае, густое, коласападобнае, прамое. Кветкі з моцным прыемным водарам, кольчатыя, на вельмі кароткіх кветаножках, яркія, светла жоўтыя. Вяночак 1,3 см даўжыні, матыльковы. Цвіце ў чэрвені-ліпені.
У дзікім выглядзе распаўсюджаны ў прыбярэжнай зоне заходняй часткі Пірэнейскага паўвострава, Марока, Тунісе, Алжыры, на астравах Корсіка, Сардзінія, Сіцылія, у Паўднёвай Італіі. У Ізраілі і Ліване хутчэй за ўсё здзічэў. Здаўна вырошчваецца ў Паўночнай Еўропе, Беларусі і Украіне, у меншым маштабе ў Заходняй Аўстраліі і Паўднёвай Афрыцы. У Паўднёвай Францыі і на востраве Мадэйра сустракаецца як здзічэлы.