У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Ландау. Леў Давідавіч Ланда́ў (9 (22) студзеня 1908, Баку — 1 красавіка 1968, Масква) — выдатны савецкі фізік-тэарэтык, акадэмік АН СССР (абраны ў 1946). Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы (1962), медалі імя Макса Планка, Ленінскай і трох Сталінскіх прэмій, Герой Сацыялістычнай Працы. Член Лонданскага каралеўскага таварыства і акадэмій навук Даніі, Нідэрландаў, ЗША (Нацыянальнай акадэміі навук ЗША і Амерыканскай акадэміі мастацтваў і навук), Французскага фізічнага таварыства і Лонданскага фізічнага таварыства.
Нарадзіўся 9 (22) студзеня 1908 г. у Баку, у яўрэйскай сям’і. Бацька — Давід Львовіч Ландау, інжынер-нафтавік. Маці — Любоў Веніамінаўна Ландау. З 1916 г. вучыўся ў бакінскай яўрэйскай гімназіі, дзе яго маці была выкладчыкам прыродазнаўства. Незвычайна таленавіты мэтаматычна, Ландау, жартуючы, казаў аб сабе: «Інтэграваць навучыўся ў 13 гадоў, і дыферэнцыраваць мог заўсёды». У 14 паступіў у Бакінскі ўніверсітэт, дзе вучыўся адначасова на двух факультэтах: фізіка-матэматычным і хімічным. За асабістыя поспехі быў пераведзены ў Ленінградскі ўніверсітэт. Скончыўшы ў 1927 фізічная аддзяленне Ленінградскага ўніверсітэта, Ландау стаў аспірантам, у далейшым супрацоўцам Ленінградскага фізіка-тэхнічнага інстытута, у 1926—1927 гг. апублікаваў першыя працы па тэарэтычнай фізіцы.
У 1929 г. быў у навуковай камандзіроўцы дзеля працягу адукацыі ў Германіі, у Даніі ў Нільса Бора, у Англіі і Швейцарыі. Нільса Бора ён пазней лічыў сваім адзіным настаўнікам. У 1932 г. узначаліў тэарытычны аддзел Украінскага фізіка-тэхнічнага інстытута (УФТІ). Пасля звальнення з Харкаўскага ўніверсітэта ў 1937 г. і выкліканай гэтым забастоўкі фізікаў быў запрошаны ў нядаўна створаны Інстытут фізічных праблем (ІФП) АН СССР і пераехаў у Маскву.
Пасля ад’езду Л. Ландау пачынаецца разгром УФТІ органамі абласнога НКУС, арыштоўваюцца замежныя спецыялісты А. Вайсберг і Ф. Хоутэрманс, у жніўні — верасні 1937 у час так званай «справы УФТІ» былі арыштаваны і расстраляныя фізікі Л. В. Разенкевіч (суаўтар Л. Ландау), Л. В. Шубнікаў, В. С. Горскі.
У красавіку 1938 г. Л. Ландау рэдагуе лістоўку, якая была напісана К. Коцерам і заклікала да звяржэння Сталінскага рэжыму, у якой Сталін названы фашыстскім дыктатарам. Тэкст лістоўкі быў пераданы антысталінскій групе студэнтаў ІФЛІ дзеля распаўсюджання па пошце перад першамайскімі святамі. Гэты намер быў выкрыты органамі бяспекі СССР, і Л. Ландау, Корэц і Ю. Б. Румер былі арыштаваны за антысавецкую агітацыю. У турме Ландау правёў год і был выпушчаны дзякуючы пісьму ў абарону ад Нільса Бора і ўмяшальніцтву Капіцы, які ўзяў Л.Ландау на паруку. Пасля вызвалення і да самай смерці ў 1968 г. Л. Ландау быў супрацоўнікам ІФП.
У 1955 г. падпісаў «Пісьмо трохсот» супраць Т. Д. Лысенкі. У 1962 г. атрымаў Нобелеўскую прэмію «За піянерскія даследаванні скандэнсаваных асяроддзяў, асабліва вадкага гелію». У тым жа годзе трапіў у страшэнную аўтакатастрофу, атрымаў шматлікія пераломы і правёў у коме 59 сутак. Пасля аварыі амаль што не займаўся навуковай дзейнасцю, але, на думку жонкі і сына, Ландау паступова вяртаўся да свайго нармальнага становішча і ў 1968 г. быў блізкі да таго, каб аднавіць сваю прафесійную дзейнасць.
Меў вельмі рознабаковыя інтэрэсы. Працаваў у сферы квантавай механікі, фізікі цвёрдага цела, магнетызму, фізікі нізкіх тэмператур, фізікі касмічных прамянёў, фізікі атамнага ядра, фізікі элементарных часціц, фізікі плазмы, гідрадынамікі, квантавай тэорыі поля і інш.
Усяго Л. Ландау напісаў 98 артыкулаў. Поўнае выданне яго прац у 1968 г. складала 2 тамы.