У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Самусенка.
Кім Андрэевіч Самусенка (нар. 12 жніўня 1989) — заснавільнік і сябра рады грамадскага руху «Дзея». Палітычны зняволены, абвінавачаны і асуджаны падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.
Браты Самусенкі — Кім і старэйшы за яго на год Аляксей — з дзяцінства цікавіліся беларускай гісторыяй, да чаго іх заахвочвалі іх бацькі. Частку дзяцінства браты Самусенкі правялі ў вёсцы пад Мілавідамі, дзе іх бацькі Андрэй і Людміла набылі дом пасля іх нараджэння. Пазней Кім, як і яго брат Аляксей, навучаўся ў гімназіі № 4, дзе навучанне было на беларускай мове, абодва добра вучыліся, перамагалі на алімпіядах. У 2006, калі Кіму споўнілася 17 гадоў, разам з маці Людмілай яны арганізавалі клуб гістарычнай рэканструкцыі «Паўночны замак» (цяпер Lignum vitae — «Дрэва жыцця»): «Самі шылі касцюмы, ездзілі па фестывалях, у баях удзельнічалі не шмат, нас больш цікавіла гісторыя, культура, побыт. Жылі вось у такой атмасферы»[1].
Праз захапленне бацькі браты таксама захапляліся паляваннем, з 18 гадоў мелі сваю паляўнічую зброю.
Таксама Кім цікавіцца кіберспортам, стварыў кіберспартовы клуб Cyber Genesis, з якім далучыўся да брэсцага «Дынама», стварыўшы такім чынам кіберспартыўны кірунак клуба FCDB Esports (дзейнасць была спынена напрыканцы 2019 года)[2][3].
Мама Людміла, бацька Андрэй, брат Аляксей. З будучай жонкай Алесяй, кандыдаткай гістарычных навук (абараніла дысертацыю па рэпрэсіях 1920-1930-х гадоў ва Украіне) Кім пазнаёміўся падчас адной з працоўных паездак у Кіеў, знаёмства скончылася іх вяселлем у Беларусі. У красавіку 2020 у Кіма нарадзілася дачка, якую назвалі Лада. На момант затрымання бацькі ёй было шэсць месяцаў, з таго часу бацьку яна не бачыла.
Кім Самусенка быў затрыманы і збіты ў сваёй кватэры 3 лістапада 2020, супрацоўнікі правялі вобшукі ў яго кватэры, а таксама ў кватэры яго маці, была канфіскафана тэхніка, зарэгістраваная паляўнічая зброю і грошы (якімі браты збіраліся аплаціць крэдыт), у жонкі Кіма, Алесі, таксама забралі пашпарт (яна грамадзянка Украіны)[4]. Згодна з каментарам Следчага камітэта, які быў апублікаваны 5 лістапада, затрыманне Самусенкі адбылося, бо ён быў датычным да ўзлома камп’ютарнай сістэмы Мінгарвыканкама, таксама «з’яўляўся актыўным ўдзельнікам несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў на тэрыторыі сталіцы з 9 жніўня гэтага года». З паведамлення таксама стала вядома, што Самусенку прад’явілі абвінавачванні па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і па ч. 2 арт. 349 КК (Несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі)[5].
Таксама 5 лістапада пасля вобшуку ў яго дома быў арыштаваны брат Кіма, Аляксей (эканаміст, працаваў у сетцы фірмаў, якія займаюцца вырабамі з пластыка). Абодва браты былі на нейкі час змешчаны ў ІЧУ на Акрэсціна[6].
24 лістапада 2020 года сумеснаю заяваю 10 беларускіх праваабарончых арганізацыяў, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр Кім і Аляксандр Самусенкі былі разам з іншымі прызнаны палітычнымі зняволенымі. У заяве адзначаецца, што «дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 КК і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам», асобна адносна Кіма Самусенкі і Паўла Дразда пазначана, што па арт. 349 не прадугледжана ўтрымання пад вартай, якое фактычна было ўжыта[7].
5 лютага 2021 сімвалічнай хроснай Кіма Самусенкі стала дэпутатка верхняй палаты парламента Ірландыі Мэры Сіры Керні(англ.) бел.[8][9].
Падчас следства, якое цягнулася больш году, Кім Самусенка ўтрымліваўся ў СІЗА-1 Мінска. У СІЗА Кім стварыў казачнага слімака-кавамана Ёсіпа, лісты з прыгодамі якога ён дасылаў дачцэ і жонцы, таксама была створана адпаведная старонка ў Instagram і Facebook. Карціну з Восіпам напісала беларуская мастачка Вольга Якубоўская[10].
Судовы працэс над Кімам і Аляксеем Самусенка (таксама разам з імі судзілі Івана Андрушойця і Паўла Дразда) распачаўся 24 лістапада 2021 у судзе Заводскага раёна Мінска. Суддзя Жанна Хвайніцкая пастанавіла разглядаць справу ў закрытым рэжыме, праз наяўнасць у матэрыялах справы звестак, якія складаюць дзяржаўную таямніцу. На судзе стала вядома, што Кіму Самусенку інкрымінуюць адразу шэсць артыкулаў КК, да арт. 342 дадаліся яшчэ пяць артыкулаў: арт. 293 (Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках), арт. 341 (Апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці), арт. 350 (Знішчэнне, блакаванне ці мадыфікацыя камп’ютарнай інфармацыі), арт. 352 (Неправамернае завалоданне камп’ютарнай інфармацыяй), ч. 1 арт. 354 (Распрацоўка, выкарыстанне, распаўсюд або збыт шкоднасных камп’ютарных праграм). Справа па артыкуле 349, распачатая напачатку, была закрыта, бо ў сілу ўступіў закон, які ліквідаваў каральнасць дзеянняў. Фактычна, згодна з матэрыяламі следства, мужчынам ставілася ў віну наступнае: «абвінавачаныя з дапамогай шкоднаснага праграмнага забяспячэння атрымалі доступ да кампутарных сістэм „Мінгарвыканкама“, што пацягнула за сабой парушэнне нармальнай працы прадпрыемстваў і дзяржорганаў, а таксама гэтыя асобы скапіявалі і выдалілі файлы розных фарматаў і ўнеслі ў іх загадзя ілжывую інфармацыю. У ходзе расследавання крымінальнай справы дакладна ўстаноўлена, што ўсе мужчыны сістэматычна прымалі ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, якія адбываліся ў Мінску са жніўня па лістапад 2020 года, спалучаных з блакаваннем дарог і непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады. Следствам зафіксавана 10 фактаў іх удзелу»[11].
Праз два месяцы, 28 студзеня 2022 суддзя Хвайніцкая агучыла прысуды чатыром палітвязням. Кім Самусенка атрымаў шэсць з паловай гадоў ва умовах калоніі агульнага рэжыму, яго брат Аляксей — чатыры гады калоніі[12]
У сярэдзіне лютага 2022 г. Кіма перавялі з СІЗА-1 у турму № 4 у Магілёве, яго апеляцыйную скаргу Мінгарсуд разгледзеў у красавіку 2022, прысуд зменены не быў. У канцы мая 2022 г стала вядома, што Кім быў этапаваны ў папраўчую калонію № 15 у Магілёве.