Кшыштаф Пій Занусі (польск.: Krzysztof Pius Zanussi; нар. 17 чэрвеня 1939, Варшава, Польшча) — польскі кінарэжысёр.
З’яўляецца мастацкім кіраўніком польскага творчага аб’яднання TOR. Атрымаў шэраг узнагарод і прэмій, уключаючы прэмію «Давід Данатэла» (італ.: David di Donatello), нацыянальную кінапрэмію Італіі.
Вывучаў фізіку ў Варшаўскім універсітэце (Uniwersytet Warszawski) і філасофію ў Кракаўскім універсітэце (Uniwersytet Jagielloński).
З 1958 года пачаў здымаць аматарскія фільмы, якія атрымалі некалькі прэмій. Поспех натхніў Кшыштафа паступіць на рэжысёрскі факультэт Лодзінскій кінашколы, якую ён скончыў ў 1966 годзе. Дыпломны фільм Занусі — «Смерць правінцыяла» (Death Of A Provincial, 1966) — атрымаў прэмію на МКФ ў Венецыі і гран-пры на МКФ ў Манхайме (1967).
Пасля гэтага рэжысёрская дзейнасць Занусі вызначаецца надзвычайнай плённасцю: кожны год выходзіць па адной альбо дзве карціны кінамастака. Поўнаметражныя ленты чаргуюцца з телевізійнымі. У сваіх фільмах праз даследванне нораваў і паводзін сучаснай польскай інтэлігенцыі Занусі абазначае складаныя экзістэнцыяльныя праблемы, вырашэнне якіх выносіцца на суд гледача.
З 1974 па 1983 год Кшыштаф Занусі займаў пасаду намесніка старшыні Саюза польскіх кінематаграфістаў.
Зараз выкладае ў варшаўскім Калегіюме Цывітас (Collegium Civitas), на факультэце радыё і тэлебачання імя Кшыштафа Кеслёўскага, а таксама на факультэце журналістыкі і паліталогіі Варшаўскага ўніверсітэта.
К.Занусі неаднакратна наведваў Беларусь, у тым ліку ў якасці ганаровага госця Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад».
Аўтар кніг «Пра мантаж аматарскага кіно» (1968), «Размовы пра аматарскае кіно» (1968), мемуарнай працы «Час паміраць» (1997). Выдаў некалькі зборнікаў кінасцэнарыяў.
Сябра Таварыства польскіх пісьменнікаў.