Крыпта-пахавальня Радзівілаў — пахавальня роду Радзівілаў у крыпце касцёла Божага Цела ў Нясвіжы. Крыпта Радзівілаў — трэцяя па колькасці дынастычных пахаванняў у Еўропе пасля Габсбургаў у Капуцынеркірхе і Бурбонаў у Сен-Дэні.
Найбольш старажытныя саркафагі знаходзяцца бліжэй да ўвахода. Самае першае пахаванне пад касцёлам датавана 1616 годам, а апошняе — 1936-м, калі тут быў пахаваны апошні ардынат Нясвіжа Альбрэхт Антоні Радзівіл. У крыпце на сённяшні дзень знаходзіцца алтар Нявіннага Зачацця, 70 саркафагаў, адзін з іх — рытуальны, адна канопа і адна урна з прахам нашчадка нясвіжскай лініі Антонія Радзівіла, прывезеная з Лондана 8 чэрвеня 2000 г. У пачатку ХХ ст. большасць трун крыпты была змешчана ў бярозавыя саркафагі[1].
Асобнае месца займае труна з нявызначанымі рэшткамі, якія могуць належаць кухару Радзівіла Сіроткі Я. Гермаку або А. Скарульскаму, які стварыў арган для касцёла. Абодва вандравалі з Радзівілам Сіроткам і ў 1583 г. былі пасвячоны ў рыцары ордэна Труны Гасподняй[1].
25 кастрычніка 1926 г. Юзаф Пілсудскі (1867—1935) паклаў ордэн «Virtuti Militari» IV класа на саркафаг з рэшткамі князя Станіслава Радзівіла (1880—1920), які быў ад’ютантам Пілсудскага ў і загінуў ў час польска-савецкай вайны. Гэтае мерапрыемства было повадам прыезду Пілсудскага ў Нясвіж для важнай сустрэчы з «віленскімі кансерватарамі».