wd wp Пошук:

Картахенскі сабор

Руіны сабора Санта-Марыя-ла-В'еха.

Картахенскі сабор Санта-Марыя-ла-В’еха (ісп.: La Catedral de Santa Maria la Vieja) — былы кафедральны сабор горада Картахены.

У наш час сабор уяўляе сабой руіны. Фармальна ён з’яўляецца кафедрай дыяцэзіі Картахены, але дэ-факта яе асноўным саборам з’яўляецца Мурсійскі сабор.

Сам сабор вядомы з XIII стагоддзя, калі ў 1250 годзе Папам Рымскім была адноўлена дыяцэзія Картахены. Біскупам новай дыяцэзіі стаў францысканскі манах Педра Гальега, духоўнік Альфонса X.

Існуюць рознагалоссі, ці меў храм, які існаваў на месцы Санта-Марыя-ла-В’еха статус сабора. У запісах Сярэднявечча і эпохі Адраджэння будынак згадваецца як Высокая царква (Iglesia Mayor), а Стары сабор згадваецца толькі з XVIII стагоддзя.[1] У канцы XIX стагоддзі асновы сярэднявечнай царквы паваліліся, пазней будынак аднавілі па праекце архітэктара Віктара Бельтры, у раманскім стылі з выкарыстаннем элементаў стылю мадэрн.

25 ліпеня 1936 года падчас баявых дзеянняў Іспанскай грамадзянскай вайны сабор быў пашкоджаны, знішчаны алтар. У 1939 годзе бамбёжка франкістаў знішчыла паўночную частку будынка, пасля чаго сабор быў пакінуты.

Разваліны сабора з’яўляюцца нацыянальным помнікам Іспаніі. У 1988 годзе пры раскопках каля руін быў выяўлены рымскі тэатр; высвятлілася, што стары сабор быў збудаваны ў верхняй частцы тэатра, а пры будаўніцтве выкарыстоўваліся матэрыялы з антычнага будынка.[2]

Зноскі

  1. IGLESIA DE SANTA MARÍA DE GRACIA EN CARTAGENA. ANÁLISIS HISTÓRICO, CONSTRUCTIVO Y DE PATOLOGÍAS. XX Jornadas de Patrimonio Cultural de la Región de Murcia. 2009. ISBN 978-84-7564-521-6. Retrieved 2010-12-27. Архівавана 7 ліпеня 2011.
  2. Fundacion Teatro Romano de Cartagena: The History of a Discovery Архівавана 13 лютага 2008.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Руіны
Катэгорыя·Страчаныя храмы
Катэгорыя·Картахена
Катэгорыя·Саборы Іспаніі