Карла Мензэ (ням.: Carlo Mense; 13 мая 1886, Райнэ — 11 жніўня 1965, Кёнігсвінтэр) — нямецкі мастак — экспрэсіяніст, прадстаўнік такіх плыняў у германскім жывапісе XX стагоддзя, як рэйнскі экспрэсіянізм і новая рэчыўнасць, прафесар мастацтваў.
Пасля ўступлення ў шлюб у 1919 годзе з Верай Баске майстар часта прыязджае і падоўгу жыве ў Мюнхене, дзе быў блізка знаёмы з Паўлем Клее, Оскарам Какошкам, Георгам Шрымпфам, Аляксандрам Канальтам. У 1920—1925 гадах здзяйсняе паездку ў Італію. У 1925 годзе К. Мензэ ўдзельнічае ў выставе «Новая рэчыўнасць» у мастацкім музеі Мангейма. У тым жа годзе ён становіцца прафесарам Акадэміі прыкладнога мастацтва ў Брэслау (цяпер — Уроцлаў), дзе ўстанаўлівае сяброўскія адносіны з такімі мастакамі, як Оскар Шлемер і Оскар Мол. Пасля закрыцця Акадэміі ў Брэслау ў 1932 годзе і атрымання ў 1933 годзе Рымскай прэміі К. Мензэ з’яжджае ў Рым, дзе працуе пры Нямецкай акадэміі Віла Масіма.
У 1937 годзе, падчас кампаніі нацыянал-сацыялістаў супраць т. зв. дэгенератыўнага мастацтва, 37 работ К. Мензэ былі канфіскаваны з нямецкіх музеяў і знішчаны. Сам жа мастак у якасці афіцэра германскай арміі быў прызваны на фронт. Пасля таго, як пры бамбардзіроўцы Кёльна была знішчана яго рабочая майстэрня, мастак жыў у Бад-Гонефе. Да яго 70-годдзя ў 1956 годзе прайшла персанальная выстаўка яго палотнаў у Кёнігсвінтэры. У 1961 годзе К. Мензэ быў узнагароджаны ордэнам «За заслугі перад ФРГ».