Капліца-пахавальня Юзафа Гурскага пабудавана ў Сапоцкіне (Гродзенскі раён) на могілках у 1893 годзе з цэглы ў стылі неаготыкі на ўшанаванне пахаванага тут Юзафа Гурскага. Злева размешчана капліца-пахавальня Юліі Дзяконскай.
Прамавугольны ў плане кампактны аб’ём пад двухсхільным дахам. Галоўны фасад завершаны трапецападобным шчытом з 3 вуглавымі 8-граннымі шатровымі вежачкамі-фіяламі і крапаваны слаістымі арачнымі нішамі. Стральчаты праём галоўнага ўвахода фланкіраваны і завершаны эдыкуламі, у верхняй з якіх размешчана скульптура «Укрыжаванне». Бакавыя фасады расчлянёны 4 стральчатымі аконнымі праёмамі.
Унутры капліца перакрыта плоскай драўлянай столлю на падугах. Алтарная сцяна ў інтэр’еры дэкарыравана плоскім 4-пілястравым порцікам з 3-вугольным франтонам.