wd wp Пошук:

Зянон Якуць

Зянон Якуць (22 студзеня 1894 — 3 студзеня 1924) — каталіцкі святар заходняга абраду, рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч, удзельнік беларускага хрысціянскага руху XX стагоддзя, душпастыр.

Біяграфія

Нарадзіўся ў засценку Скурцішкі Новааляксандраўскага павета Ковенскай губерні. Паходзіў з сялянскай сям’і: бацькі — Ян і Юзэфа (з дому Гасянцоў) Якуці.

У 1909—1912 ггадах вучыўся ў Відзаўскім гарадскім 4-класным вучылішчы, дзе скончыў поўны курс навучання. Паспяхова здаў экзамен на званне аптэкарскага вучня ў снежні 1912 года і атрымаў пасведчанне з Пецярбургскай навучальнай акругі. Вучыўся ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Прымаў удзел у дзейнасці беларускага культурна-асветнага гуртка студэнтаў-семінарыстаў. Пасвячоны ў святары ў 1919 годзе.

З беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам звязаны з часоў вучобы ў Вільні. У 1920—1924 гадах выконваў святарскія абавязкі ў парафіі Шаркаўшчына Дзісенскага дэканата. Ад пачатку душпастырскай дзейнасці свядома і паслядоўна праводзіў беларусізацыю рымска-каталіцкай царквы ў парафіях з беларускім насельніцтвам. Звяртаўся да вернікаў з казаннямі і праводзіў катэхізацыю дзяцей на беларускай мове. Пахаваны на парафіяльных могілках у Шаркаўшчыне.

У канцы 1920-х гадоў, акрэсліваючы месца і ролю Зянона Якуця ў беларускім хрысціянскім руху XX стагоддзя, адзін з яго лідараў, Адам Станкевіч, напісаў:

Калі ўспамінаць далей аб кс. З. Якуцю як аб беларусу, дык трэба сказаць, што быў ён ідэальным прыкладам сваім калегам ксяндзам, як нязвычайна прыгожа зыходзяцца з сабой між беларускага народу духоўная пастырскасць і беларускасць. Кс. З. Якуць быў тыповы ксёндз-беларус. Ён глыбока разумеў важнасць беларускага адраджэння, цаніў яго і прыкладаў да роднай справы ўсе свае сілы.

Успамін

На смерць Зянона Якуця Казімір Сваяк напісаў верш:

О, Браце мой у долі і нядолі! Паверыў я, што лёг ты ў магілу, Бо-ж сумна так стагнаў твой дух ад болі, Што твой народ згубіў айчыну мілу… Так верыў ты, што час свабодны прыйдзе, Дух божы ўвыш народ з працьмы падойме, Нячыстага аддасьць навек агідзе, Нас зорам дабраты адвечнае абойме — Любіў народ ты, Браце, сэрцам цэлым І зразумеў яго бяду духову; Вучыў яго, ад горачы збалелы, Каб уміраць і жыць заўсёды быў гатовы. Ты адышоў, згарэўшы як афяра, За наш народ, — за вечную ідэю Яго душы: пражыці не як мара На сьвеце бед, а мець надзею Здабыць той зьніч з грудзей самога Бога, Што шчасьце дасьць жывому чалавеку… Ах, цяжкая туды, Браток, дарога, — Хоць значана нам Божанькай спрадвеку. Агонь ты нёс і сьветачам быў зорным, Гарэў пламенна цэлаю істотай, — Прад Богам быў і кволы і пакорны, Людзям служыў з анельскаю ахвотай. О, будзь шчасьліў!.. бо ты жывеш — я веру, Хоць пад дзярном галоўка супачыла… І я сабе магілу ўжо адмеру, Ах, бо мяне зьнямога асіліла. Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (12):
Катэгорыя·Нарадзіліся 22 студзеня
Катэгорыя·Памерлі ў 1924 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў Шаркаўшчыне
Катэгорыя·Выпускнікі Віленскай каталіцкай духоўнай семінарыі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Новааляксандраўскім павеце
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1894 годзе
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра рэлігійных дзеячаў без партрэтаў
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Браслаўскім раёне
Катэгорыя·Пахаваныя ў Шаркаўшчыне
Катэгорыя·Постаці беларускага каталіцтва
Катэгорыя·Памерлі 3 студзеня