У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Грак (значэнні).
Жульен Грак (фр.: Julien Gracq, уласна Луі Пуар’е, фр. Louis Poirier, 27 ліпеня 1910, Сэн-Фларан-лё-В’ей, Мен і Луара — 22 снежня 2007, Анжэ) — французскі пісьменнік.
Скончыў у Парыжы прэстыжны ліцэй Генрыха IV. Потым вучыўся геаграфіі і палітычным навукам, публікаваў працы па абедзвюх спецыяльнасцях. У 1935—1936 выкладаў гісторыю ў Нанце. У 1935 годзе ўступіў у камуністычную партыю, пачаў вучыць рускую мову ў парыжскай Школе ўсходніх моў (выйшаў з шэрагаў партыі пасля падпісання Дагавора аб ненападзе паміж Германіяй і Савецкім Саюзам). Дэбютаваў раманам «Замак Арголь» (1939, пад псеўданімам, які стаў яго пастаянным пісьменніцкім імем), атрымаў захоплены ліст-водгук Андрэ Брэтона. У 1939 годзе мабілізаваны, удзельнічаў у баях пры Дзюнкерку, у 1940 годзе патрапіў у палон, быў інтэрнаваны ў лагеры ў Сілезіі. У 1941 годзе вярнуўся дадому, быў дэмабілізаваны, выкладаў у ліцэях Анжэ і Амьена, у 1947—1970 — прафесар гісторыі і геаграфіі ў ліцэі Клода Бернара ў Парыжы. Шмат падарожнічаў.
Жыў у родным мястэчку на Луары. Пасля 1992 года новых кніг не публікаваў, хоць працягваў пісаць.