wd wp Пошук:

Жан Луі Бекю

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Бекю. Жан Луі (Ян Людвік) Якубавіч Бекю (каля 1741 — ?) — прамыслова-гандлёвы дзеяч 2-й паловы ХVІІІ ст., супрацоўнік падскарбія А. Тызенгаўза.

Біяграфія

Старэйшы брат Якуба Бекю. У 1771 годзе прыбыў з Берліна ў Гродна, дзе працаваў бухгалтарам мануфактурнага кантара. Пад час замежнай камандзіроўкі брата (1772—1775 г.) кіраваў мануфактурамі. На сейме 1773—1775 г. атрымаў набілітацыю. З 1775 па 1780 г. кіраваў гандлем каралеўскіх мануфактур, наладжваў гандлёва-банкаўскія сувязі з Рыгай, Гамбургам, Крулеўцам, Лонданам, Брэменам, вербаваў людзей на мануфактуры. З 1778 г. быў таксама кантралёрам Скарбовай камісіі літоўскай. Пасля адстаўкі Тызенгаўза разам з братам сведчылі на судовых працэсах супраць свайго былога працадаўцы. У 1794 г. быў экспедытарам Скарбовага дэпартамента Найвышэйшага Літоўскага ўрада (расійскага). У 1796 г. — дырэктар памежнай мытнай каморы ў Гродне, у 1797 г. — дарадца ў Літоўскай скарбовай палаце. Далейшы лёс яго невядомы.

Сям’я

У першым шлюбе з Каралінай, якая памерла ў Гродне ў 1782 г.; у другім з 1794 года з Амалій Бернатовіч. Ад першай меў сына Аўгуста, які быў доктарам, айчымам Юльюша Славацкага, як жыхар Гродна ў 1794 г. падпісаў пад № 232 акцэс да паўстання. Меў 3-павярховы дом з афіцынамі і гаспадарчымі пабудовамі. У 1796 г. прадаў яго купцу Л. Маўшовічу за 16 тыс. злот. (знаходзіўся на месцы, дзе сёння дом Мураўёва на Савецкай плошчы).

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Прамыслоўцы Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1741 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Асобы