Хасэ дэ Анчыета (ісп.: José de Anchieta), Жазэ́ ды Аншые́та (парт.: José de Anchieta; 19 сакавіка 1534, Сан-Крыстобаль-дэ-ла-Лагуна — 9 чэрвеня 1597, Рэрытыба) — езуіцкі місіянер іспанска-баскскага паходжання[5] ў Паўднёвай Амерыцы, святы Рымска-Каталіцкай Царквы. Кананізаваны 3 красавіка 2014 г. Дзень шанавання: 9 чэрвеня.
Жазэ ды Аншыета нарадзіўся ў Сан-Крыстобаль-дэ-ла-Лагуна на востраве Тэнэрыфэ (Канарскія астравы, Іспанія) у сям’і Хуана Лопеса дэ Анчыеты і Менсіі Дыяс Клавіха. Хуан Лопес быў баскам, перасяліўся на востраў пасля няўдалага паўстання супраць Карла V. Менсія Дыяс была дачкой хрышчонага яўрэя з Кастыліі.
У 14 гадоў Жазэ пераехаў у Партугалію для навучання ў Каімбрскім ўніверсітэце. У 1551 г. быў прыняты ў ордэн езуітаў. З-за туберкулёза костак стан яго здароўя пагоршыўся. Таму ў 1553 г. быў накіраваны ў Бразілію, дзе разам з іншымі 12 місіянерамі заснаваў паселішча Сан-Паўлу. У ім ён займаўся хрысціянізацыяйй індзейцаў тупі, вывучаў іх мову.
У 1555 г. частка індзейцаў усходу Бразіліі паўстала супраць партугальцаў і перайшла на бок французскіх каланістаў-гугенотаў. Жазэ ды Аншыета ўдзельнічаў у ваенных дзеяннях супраць французаў, вёў перамовы з індзейскімі правадырамі, каля 3 месяцаў заставаўся сярод іх у якасці пасла. На аснове сваіх разважанняў склаў план каланізацыі Бразіліі, які прадугледжваў вылучэнне часткі зямель для індзейскіх місіянерскіх вёсак. У 1574 г. ён быў ухвалены каралём.
Пасля заканчэння вайны ў 1570 г. Жазэ выкладаў у езуіцкім калегіуме ў Рыа-дэ-Жанэйра. У 1577 — 1591 гг. узначальваў езуіцкую місію ў Рэрытыбе, дзе працягваў вывучэнне індзейскай культуры і прыроды Бразіліі. Памёр 9 чэрвеня 1597 г. пасля працяглай хваробы.
Нягледзячы на сталыя праблемы са здароўем, Жазэ ды Аншыета шмат вандраваў па Бразіліі, пры гэтым лічыўся «бацькам беднякоў, лекарам хворых і пацярпелых, дарадцам губернатараў, але, перш за ўсё, сябрам і абаронцам індзейцаў ў іх вёсках»[6]. Яму прыпісваліся цуды лекавання, уменне паднімацца ў паветра падчас пропаведзяў для тупі. Аднойчы з дапамогай божага слова ён нібы абараніўся ад ягуара. Пасля смерці магільню Жазэ наведвалі тыя, хто жадаў абараніцца ад дзікіх звяроў. Часам яго называюць апосталам і бацькам хрысціян Бразіліі.
22 чэрвеня 1980 г. быў беатыфікаваны папам Янам Паўлам II. 3 красавіка 2014 г. быў кананізаваны папам Францыскам.
Святы Жазэ ды Аншыета глыбока шануецца ў Бразіліі і на Канарскіх астравах.
Жазэ ды Аншыета заставіў пасля сябе багатую эпісталярную спадчыну[7][8], у якой выклаў свае нататкі пра гістарычныя падзеі, індзейскую культуру і прыроду Бразіліі. З’яўляецца аўтарам тэатральных відовішчаў, рэлігійных верша Poema à Virgem і паэмы De Beata Virgine Dei Matre Maria у стылі барока.
Апублікаваныя пры жыцці працы:
Свае лісты і творы пісаў на лацінскай, іспанскай, партугальскай мовах і мове тупі.