wd wp Пошук:

Езярышчанскі замак

Езярышчанскі замак — драўляна-земляное абарончае ўмацаванне каля былога мястэчка Азярышча Вялікага Княства Літоўскага (цяпер у Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці). Існаваў у XIV — XVII стст.

Лакалізацыя замка

Размяшчаўся на паўвыспе возера Езярышча, за 3 км ад пасёлка, каля вёскі Мясцечка. У плане чатырохвугольнік (100 х 120 м.). Быў абкружаны землянымі валамі (вышыня 2—4 м.) з 3 вежамі (дыяметрам каля 15 м.) і з поўначы ровам (7 м.), які аддзяляў замак ад астатняй тэрыторыі паўвыспы. У час паводкі замак ператвараўся ў астраўную крэпасць. Паводле храніста Р. Гейдэнштэйна, у XVI ст. замак меў значныя ўмацаванні і разам з Полацкам панаваў «над усім краем»[1].

Гісторыя

У Інфлянцкую вайну (1558—1582) узяты маскоўскімі войскамі і спалены (1565), потым адбудаваны. Вось як было апісана ўзяцце замку:

«Приидоша веикого государя полковыя воеводы и конница и пехота многое множество воинских людей к городу Озерищам, тако бо зовом бе того ради, что тот град обыде округ града того, только малая стезя ко граду бысть. И начаща приступати, но не возмогша езера ради, что велико дебре, а ко граду прихрд добре велик да крепок, а в нем живущих и осадных людей много и наряду боевого много... и под тем градом пребыша многое время великого государя воинские люди... Русские вои учиниша многие плоты древяны и тое озеро опешав, и тое плотв подведоша под самую стену городовую и учиниша приступ крепце со всех стран»[2].

У 1579 годзе яго знішчылі ў час штурму войскі караля С. Баторыя, пазней зноў адноўлены. У пачатку XVII ст. у час пажару ўмацаванні замка згарэлі, адбудаваны ў 1616 годзе на загад караля Жыгімонта III Вазы азярышчанскім старостам К. М. Друцкім-Саколінскім. У жніўні 1654 года замак захоплены расійскімі войскамі на чале з ваяводам С. Стрэшневым. Захаваліся толькі рэшткі валоў.

Археалагічныя даследаванні замка

У 1950 годзе замчышча абследаваў Л. В. Аляксееў. У 1971 годзе Г. В. Штыхаў зрабіў план замчышча і правёў шурфоўку (2х2 м). У 1979 годзе В. М. Ляўко правяла раскопкі на плошчы 100 м² і прарэзку паўднёвай вежы з валам.

Даследаванне В. М. Ляўко паказала, што вышыня насыпу ад цэнтра да асновы 6 м, радыус — 12 м, ядро пачатковага вала са шчыльнай ярка-чырвонай гліны, вышыня 1,5 м. Вал і насып пад аснаваннем вежы раздязляліся ровам глыбінёй 0,8 — 1 м. На пляцоўцы, што была асновай вежы, выяўлены фрагмент (каля 1 м) з сумесі гліны, пяску, гравію і дробнага камення. Вышэй яго залягала праслойка цьмянай афарбоўкі з вуголлем і попелам. Над ёй зафіксаваны рэшткі драўляных канструкцый, перакрытых культурным пластом каля 1 м, дзе быў больш позні падмурак вежы, складзены з 2 ярусаў буйных валуноў. Знойдзеная кераміка сведчыць, што пабудова і аднаўленне вежы адносіцца да XIV—XV ст.

Вынікі археалагічных даследаванняў пацвярджаюць пісьмовымі крыніцамі, паводле якіх у XIV ст. існавала Азярышчанская воласць з цэнтрам у Азярышчы (цяпер Езярышча). Замак, напэўна, пабудаваны для абароны насельніцтва парубежнай воласці. У раскопе на паўднёвай ускраіне гарадзішча каля вала культурны пласт мае таўшчыню 0,15 — 0,4 м. У мацерыку выяўлена шмат ям, запоўненых попелам і шлакам. Большасць керамікі адносіцца да XIV—XV ст., блізкая паводле формы і арнаменту да матэрыялаў з Арэшка і Пскова, датаваных тым жа часам. Адзінкавыя знаходкі XVI—XVII ст. (паліваная кераміка, кафля) сведчаць, што ў гэты перыяд замак выкарыстоўваўся насельніцтвам як сховішча падчас ваенных дзеянняў.

Частка выяўленай керамікі адносіцца да VIII—X ст., што пацвярджае існаванне паселішча да пабудовы замка.

Зноскі

  1. Брэжго Б. Замкі Віцебшчыны… С. 31.
  2. Шахматов А. А. Обозрение русских… С. 648.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Артыкулы пра славутасці без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Артыкулы пра славутасці без ілюстрацый
Катэгорыя·Замкі Беларусі
Катэгорыя·Замкі Вялікага Княства Літоўскага
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Катэгорыя·Езярышча
Катэгорыя·Замкі паводле алфавіта
Катэгорыя·Артыкулы без выяў (меней 21 аб’екта тыпу)