wd wp Пошук:

Дэнтыпеліс ломкі

Дэнтыпеліс ломкі, дэнтыпеліс крохкі (Dentipellis fragilis) — від базідыяльных грыбоў з парадку сыраежкавых.

Апісанне

Пладовае цела мякка-перапончатае, пры высыханні крохкае, ад белаватага спачатку да жаўтаватага і вохрыстага колеру, памерам да 10 см і больш. Край свабодна аддзяляецца, часта адагнуты. Гіменафор складаецца з шыпоў памерам 0,5–9 X 0,1–0,4 мм. Цыстыды шматлікія, з масляністым змесцівам, ружанцападобна сегментаваныя ў верхняй частцы, шырынёй 4,5–7,5 мкм. Гіфы са спражкамі. Базідыі булавападобныя, 27–37 X 4,5–7 мкм. Споры эліптычныя або амаль сферычныя, з патоўшчанай гладкай ці шурпатай абалонкай, 4–6,3 X 3,3–6 мкм

Пашырэнне

Арэал ахоплівае Еўропу, Каўказ, Сібір, Сярэднюю Азію, Далёкі Усход. Адзначаны ў паўднёвай і паўднёва-заходняй частках Беларусі.

Сустракаецца ў шыракалістых, чорнаальховых і яловых, часта сырых і цяністых лясах. Індыкатар стараўзроставых мінімальна парушаных лясных экасістэм. Жыве і ўтварае пладовыя целы на значна раскладзенай валежнай, пазбаўленай кары драўніне лісцевых парод (клёна вастралістага, вольхі чорнай, граба звычайнага і інш.).

Асаблівасці біялогіі

Сапратроф, выклікае белую гніль. Пладовыя целы ўтвараюцца ў ліпені-верасні.

Ахова

Уключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі, ахоўваецца ў Польшчы.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Біялагічныя артыкулы без ITIS
Катэгорыя·Чырвоная кніга Беларусі
Катэгорыя·Сыраежкавыя (парадак)
Катэгорыя·Грыбы паводле алфавіта
Катэгорыя·Артыкулы без спасылкі на Віківіды