Дэндэрскі задыяк — шырока вядомы егіпецкі барэльеф са столі пранааса (порціка) капліцы, прысвечанай Асірысу ў храмавым комплексе Хатхор у Дэндэры, які змяшчае выяву Цяльца і Шаляў. Будаўніцтва гэтай капліцы было распачата ў позні перыяд Пталамеяў; яе пранаас быў дададзены імператарам Тыберыем. Гэта дазволіла Шампальёну правільна датаваць рэльеф грэка-рымскім перыядам, аднак большасць яго сучаснікаў адносілі яго да Новага царства. Была выказана здагадка, што рэльеф, які Джон Х. Роджэрс характарызаваў як «адзіную поўную карту старажытнага неба, якую мы маем»[1], служыў асновай, на якой былі пабудаваны пазнейшыя астранамічныя сістэмы[2]. Цяпер задыяк захоўваецца ў Луўры.
Сільвія Ковіль з Цэнтра камп’ютарных егіпталагічных даследаванняў Утрэхцкага ўніверсітэта і французскі астрафізік Эрык Абур датавалі задыяк 50 г. да н.э., таму што на задыяку намалявана размяшчэнне пяці планет, вядомых егіпцянам, якое паўтараецца раз у тысячу гадоў, а таксама два зацьменні[3].
Сонечнае зацьменне прыпадае на дату 7 сакавіка 51 г. да н.э.: яно паказана кругам, унутры якога багіня Ісіда трымае бабуіна (бога Тота) за хвост.
Месяцавае зацьменне прыпадае на дату 25 верасня 52 г. да н.э.: яно паказана кругам, унутры якога Вока Гора.
Задыяк — гэта планісфера ці карта зорак у праекцыі на плоскасці, якая паказвае 12 сузор’яў задыякальнага пояса, якія фарміруюць 36 дэканаў па 10 дзён кожны, і планеты. Дэканы — гэта групы зорак першай велічыні; яны выкарыстоўваліся ў старажытнаегіпецкім календары, які асноўваўся на месяцавым цыкле працягласцю каля 30 сутак і на геліякічным узыходзе зоркі Сотыс (Сірыус).
Выява задыяка круглай формы з’яўляецца ўнікальнай для мастацтва Старажытнага Егіпта, больш тыповыя прамавугольныя задыякі, якія можна ўбачыць у порціку таго ж храма.
Нябесная сфера намалявана дыскам, які трымаюць чатыры нябесныя калоны ў форме жанчын, паміж якімі размешчаны духі з галовамі сокалаў. На першым кольцы 36 духоў сімвалізуюць 360 дзён старажытнаегіпецкага года.
На ўнутраным крузе можна ўбачыць сузор’і, якія ўтвараюць знакі задыяка. Некаторыя з іх намаляваны ў звыклых грэка-рымскіх іконаграфічных вобразах (напрыклад, Авен, Цялец, Скарпіён і Казярог, хоць большасць выяў значна адрозніваецца ад прынятых у Старажытнай Грэцыі. Вадаліў намаляваны як бог разліваў Хапі, які трымае дзве вазы, з якіх цячэ вада. Роджэрс адзначыў родаснасць іканаграфіі непадобных на грэчаскія выяў з трыма таблічкамі «Селеўкідскага задыяка», а іх абодвух — з выявамі на кудуру, вавілонскіх межавых камянях. Гэта значыць, Роджэрс лічыў Дэндэрскі задыяк «поўнай копіяй Месапатамскага задыяка»[4]
Падчас Егіпецкай кампаніі Напалеона, Дамінік Віван-Дэнон замаляваў круглы, больш вядомы, і прамавугольныя задыякі храма Хатор. У 1802 годзе, пасля завяршэння кампаніі, Дэнон апублікаваў гравюры столі храма ў сваёй Voyage dans la Basse et la Haute Egypte[5]. Публікацыя выклікала спрэчкі накот датыроўкі задыяка: меркаванні падзяліліся ад дзясяткаў тысяч да тысяч ці да сотняў гадоў. Акрамя таго, незразумела было, ці з’яўляецца задыяк планісферай або астралагічнай картай[6]. Гандляр антыкварыятам Себасцьян-Луі Салнье наняў Клода Леларэйна, каб выняць задыяк з храма[7]. Задыяк быў прывезены ў Парыж у 1821 годзе, і ў 1822 быў змешчаны Людовікам XVIII у Каралеўскую бібліятэку (якая пазней атрымала назву Нацыянальнай бібліятэкі Францыі). У 1922 годзе задыяк быў перанесены ў Луўр.
Дэндэрскі задыяк на Вікісховішчы |