wd wp Пошук:

Дунайчыцы

Дуна́йчыцы[1] (трансліт.: Dunajčycy, руск.: Дунайчицы) — вёска ў Клецкім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Кухчыцкага сельсавета.

Гісторыя

У часы Вялікага Княства Літоўскага вёска адносілася да Новагародскага ваяводства, а пасля падзелаў Рэчы Паспалітай стала ўваходзіць у склад Слуцкага павета Мінскай губерні Расійскай імперыі.

Павел Тэадоравіч Яленскі, польны стражнік ВКЛ
На працягу стагоддзяў вёска Дунайчыцы (каля [Клецка](/Горад_Клецк "Горад Клецк")) амаль бесперапынна была ўладаннем (да [1939](/1939 "1939")) старажытнага [шляхецкага](/Шляхта "Шляхта") [роду Яленскіх](/Род_Яленскіх "Род Яленскіх") гербу «[Корчак](/Корчак_(герб) "Корчак (герб)")», якія паводле сямейных паданняў адносілі факт атрымання вёскі ў канец XIV ст., як бы жадаючы падкрэсліць укаранёнасць роду. Аднак у сапраўднасці дзесьці ў пачатку [1630](/1630 "1630")-х упершыню ва ўладанне роду вёскі Дунайчыцы і [Туча](/Вёска_Туча "Вёска Туча") набыў польны стражнік Вялікага Княства Літоўскага [Павел Тэадоравіч Яленскі](/Павел_Тэадоравіч_Яленскі "Павел Тэадоравіч Яленскі"). Маёнтак Дунайчыцы (разам з [Капаткевічамі](/Гарадскі_пасёлак_Капаткевічы "Гарадскі пасёлак Капаткевічы"), [Людзяневічамі](/Вёска_Людзяневічы "Вёска Людзяневічы") і [Лучыцамі](/Вёска_Лучыцы,_Петрыкаўскі_раён "Вёска Лучыцы, Петрыкаўскі раён")) стаў адной з галоўных і любімых сядзіб Яленскіх, якія мелі значныя маёнткі ў [Новагародскім ваяводстве](/Новагародскае_ваяводства "Новагародскае ваяводства") і [Мазырскім павеце](/Мазырскі_павет_(Вялікае_Княства_Літоўскае) "Мазырскі павет (Вялікае Княства Літоўскае)"), дзе займалі высокія земскія пасады і адосіліся да рэгіянальнай эліты.

Пасля Паўла Яленскага вёскі Дунайчыцы і Туча перайшлі да яго сына Яна Паўлавіча Яленскага, мазырскага земскага пісара, а пасля мазырскага земскага суддзі, які выбіраўся ад Мазырскага павета паслом на элекцыйныя соймы (1669, 1674) і дэпутатам (1726) у Трыбунал ВКЛ. Ад Яна вёскі перайшлі да яго сына Антона-Даджыбога Янавіча Яленскага, мазырскага падчашага (1702—1731), а пасля да ўнука — новагародскага кашталяна (1780—1795) Гедэона Антонавіча Яленскага (1712—1798), які пабудаваў у Дунайчыцах (побач са старым і маленькім мураваным, атрымаўшым пазней назву «кашталянка») новы драўляны атынкаваны і пакрыты гонтай класіцыстычны палац, з порцікам, упрыгожаным чатырма дарычнымі калонамі. Цэнтральнай часткай палаца з васьмі пакояў была галоўная зала з мураваным комінам у стылі класіцызм. За палацам быў разбіты парк на 8 га, які выходзіў на раку Лань.

Невядома, каму з Яленскіх належала вёска пазней: верагодна, яна перайшла да брата Гедэона — новагародскага кашталяна (1773—1780) Рафала-Юзафа Антонавіча Яленскага (альбо яго дзяцей), бо вядома, што Дунайчыцамі сталі валодаць нашчадкі Рафала. У прыватнасці, дакладна вядома, што вёскай, дзе паводле рэвізій у 18441850 мелася каля 1 500 дзесяцін зямлі, валодалі ўнукі Рафала — супольна падсудак мазырскага павятовага суда (1805—1808) і засядацель (1811—1814) Угалоўнай палаты Галоўнага суда Віленскай губерні Рамуальд Янавіч Яленскі (1781—пасля 1856) і мазырскі павятовы харунжы (1811—1812), старшыня мазырскага павятовага гранічнага (межавага) суда (1814—1817), старшыня мазырскага павятовага суда (1817—1820) Павел Янавіч Яленскі (1776—1842). Пасля маёнтак пераходзіць да Антона Яленскага (1818—1874), сына Паўла Янавіча Яленскага і Барбары Лянкевіч.

Антон Паўлавіч Яленскі (1818—1874)

Антон Яленскі быў адным з кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гадоў, уваходзіўшы ў групоўку «белых». За ўдзел у паўстанні расійскія ўлады канфіскавалі ўсе яго маёнткі (маёнтак Капаткевічы і частка маёнтка Людзяневічы ў Мазырскім павеце, маёнтак Дунайчыцы ў Слуцкім павеце, маёнтак Меляховічы ў Троцкім павеце Віленскай губерні і маёнтак Акніста ў Вількамірскім павеце Ковенскай губерні), якія пасля планавалася прадаць альбо ўзнагародзіць бясплатна расійскіх афіцэраў, што прымалі ўдзел у падаўленні паўстання. Продаж альбо перадача маёнткаў Антона Яленскага зацягнуліся да 1869, бо не былі зроблены папярэднія ацэнкі іх кошта. Жонка Антона Сабіна Леапольдаўна Яленская (1820—1912), з роду Дыбоўскіх, зрабіла ўсе намаганні, каб канфіскаваны ўладамі родавы маёнтак Дунайчыцы ў Слуцкім павеце набыў з таргоў найстаршы сын Антона Яленскага Павел, якому ўлады дазволілі прымаць удзел у аукцыёне. Калі сабраныя на аукцыён дваране даведаліся, што будзе ўдзельнічаць і сын паўстанца, ухіліліся ад таргоў, каб даць мажлівасць Паўлу набыць канфіскаваны родавы маёнтак па найніжэйшым кошце.

Сабіна Леапольдаўна Яленская (з роду Дыбоўскіх)

У далейшым маёнтак перайшоў ва ўладанне брата Паўла — Эдварда Антоніевіча Яленскага (1853—1920), хросным бацькам якога быў Напалеон Феліксавіч Яленскі (1810—1883), маянтковец Мазырскага павета, адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гадоў, стрыечны брат Антона Яленскага. Эдвард Яленскі прыбудаваў да палаца з дзесяццю пакоямі і сенцамі яшчэ два пакоі і кухню. Каля палаца мелася капліца, а перад палацам — вялікі газон з клумбай кветак у цэнтры. У палацы мелася шмат старажытнай мэблі, якая перайшла ад ранейшых пакаленняў.

Пасля Рыжскага мірнага дагавора (1921) Дунайчыцы апынуліся ў складзе Другой Рэчы Паспалітай. Пасля Эдварда апошнімі ўладальнікамі вёскі (да 1939 — пачатку Другой сусветнай вайны) сталі дочкі яго брата Вітальда Антоніевіча Яленскага (1843—1879) — Канстанцыя і Антаніна. У тыя часы маёнтак меў толькі каля 400 га зямлі.

У 1939 вёска, як і іншая тэрыторыя паўночна-ўсходніх ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай (Заходняя Беларусь), увайшла ў склад БССР, маёнтак быў канфіскаваны савецкай уладай.

Да 1966 года вёска ўваходзіла ў склад Ліскаўскага сельсавета[2]. Да 28 мая 2013 года вёска ўваходзіла ў склад Тучанскага сельсавета[3].

Славутасці

Вядомыя асобы

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
  2. Рашэнні выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 31 студзеня і 26 лютага 1966 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1966, № 9 (1129).
  3. «Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области». Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234 Архівавана 31 сакавіка 2016. (руск.)

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Яленскія
Катэгорыя·Кухчыцкі сельсавет
Катэгорыя·Населеныя пункты Клецкага раёна
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта