wd wp Пошук:

Дом купца Аношкі

Дом купца Аношкі — помнік архітэктуры барока ў Магілёве, узведзены ў канцы XVIII ст. Размешчаны па адрасе вул. Ленінская, 37. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэспубліканскага значэння[1].

Гісторыя

Узведзены ў 1698 г. з цэглы ў стылі барока. Дом належаў багатай сям’і магілёўскіх купцоў Аношкаў[2]. Як адзін з лепшых у горадзе быў прадстаўлены губернскімі ўладамі для пражывання аўстрыйскаму імператару Іосіфу ІІ, што прыбыў у Магілёў для сустрэчы з расійскай імператрыцай Кацярынай ІІ у маі 1780 года[2], праз 8 гадоў пасля ўваходжання Магілёва ў склад Расійскай імперыі. Пра сустрэчу нагадвае памятная дошка на будынку[3].

З 1815 да 1917 года ў будынку размяшчаўся Магілёўскі дваранскі сход[2].

Рашэнне аб адкрыцці ў Магілёве філіяла Дзяржаўнага мастацкага музея БССР, прысвечанага найбуйнейшаму пейзажысту ХХ стагоддзя, ураджэнцу Магілёўскай губерніі Вітольду Каэтанавічу Бялыніцкаму-Бірулю (1872—1957), было прынята ў 1977 г. Паколькі дом у маёнтку Крынкі каля Бялынічаў, дзе нарадзіўся мастак, не захаваўся, для размяшчэння музея быў абраны двухпавярховы дом Аношкаў. У 1977—1979 гг. адбывалася рэканструкцыя будынка, у ходзе якой быў надбудаваны 3-ці паверх[2]. 24 снежня 1982 г. у будынку адкрыты мемарыяльны музей В. К. Бялыніцкага-Бірулі.

У чэрвені 2013 пачаўся капітальны рамонт будынка, які мусіў быць скончыцца ў снежні 2014 года[4]. 25 верасня 2017 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне, паводле якога на завяршэнне капітальнага рамонту было выдзелена звыш 598 тысяч рублёў з фонду прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва[5].

Архітэктура

План 1-га паверха
Разрэз
Агароджа дома

Дом уяўляе сабой трохпавярховы з падвальным паверхам будынак прамавугольны ў плане, накрыты ламаным дахам, трэці паверх — мансарда, якая надбудавана падчас рэканструкцыі. Цэнтральная частка фасада завершана атыкам лучковага абрысу з люкарнай у тымпане.

У цэнтры фасада галоўны ўваход вылучаны лучковай аркай, над якой невялікі балкон з металічнай ажурнай агароджай. Праём балконных дзвярэй аформлены лучковым парталам. Фасады раскрапаваны лапаткамі, члянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі з простымі ліштвамі і падаконнымі нішамі. На галоўным фасадзе міжаконныя прасценкі паміж вокнамі першага і другога паверхаў аздоблены філёнгамі. Па перыметры пад дахам праходзіць шырокі прафіляваны карніз. Унутраная планіроўка зменена. Першы паверх і падвал перакрыты скляпеннямі, другі паверх мае бэлячныя перакрыцці.

Зноскі

  1. Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
  2. 1 2 3 4 Філіял «Музей В. К. Бялыніцкага-Бірулі» у г. Магілёве. Гісторыя музея Архівавана 22 студзеня 2021.
  3. Выява шыльды
  4. Пашпарт аб’кта
  5. На рамонт музэю ў Магілёве пайшло амаль удвая больш, чым на Крэўскі замак і Каложу

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (10):
Катэгорыя·Артыкулы са спасылкамі на Глобус Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·З’явіліся ў 1698 годзе
Катэгорыя·Славутасці Магілёва
Катэгорыя·1698 год у Еўропе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Гісторыка-культурныя каштоўнасці Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя·XVII стагоддзе ў Магілёве
Катэгорыя·Ленінская вуліца (Магілёў)
Катэгорыя·Збудаванні Магілёва ў стылі барока