Дзяні́с Анато́левіч Мельянцо́ў (нар. 1980; Магілёў, БССР, СССР) — беларускі палітолаг, прапагандыст і міжнародны лабіст рэжыму Лукашэнкі?!.
Нарадзіўся ў Магілёве.
Скончыў гістарычны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (2003), Інстытут палітычных навук і міжнародных адносін Віленскага ўніверсітэта (2006), а таксама Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт[1].
У студэнцкія часы быў палітычным актывістам, у прыватнасці, намеснікам старшыні магілёўскай гарадской арганізацыі Маладога Фронту[2]. Займаўся грамадзянскай адукацыяй і выдавецкімі справамі[3].
У 2006—2009 гг. выкладаў у Еўрапейскім гуманітарным універсітэце[1].
З 2007 па 2017 гг. працаваў старшым аналітыкам у Беларускім інстытуце стратэгічных даследаванняў (BISS).
Каардынатар праграмы «Знешняя палітыка Беларусі» Савета па міжнародных адносінах «Мінскі дыялог» — міжнароднага прапагандысцкага праекта рэжыму Лукашэнкі. Рэгулярна выступае з каментарыямі на падкантрольных рэжыму дзяржаўных тэлеканалах Беларусі[4].
Займаецца крытыкай увядзення санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, увязваннем краін Захаду ў дыялог з афіцыйным Мінскам і схіленнем да саступак рэжыму, прыкрываючыся ў тым ліку пагрозай Расіі[5][6][7][8][9]. У 2012 годзе, паводле абвінавачанняў М. Халезіна, стаў адным з ініцытараў ліста аб скасаванні санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі[10]. Гэтае сцверджанне пазней адмаўлялася Аляксеем Пікулікам[11].
У агрэсіўнай форме крытыкаваў праціўнікаў А. Лукашэнкі[12].
Разам з іншымі ўдзельнікамі праекта «Мінскі дыялог» займаўся пазіцыянаваннем лукашэнкаўскай Беларусі як нібыта нейтральнай пляцоўкі для перамоў ва ўмовах пагаршэння адносін Расіі і Захаду[13][14].
Абвінавачваў краіны Захаду, якія крытыкуюць рэжым Лукашэнкі за парушэнні правоў чалавека і дэмакратычных норм, у варожым і неаб’ектыўным стаўленні да Беларусі[15]. Абвінавачваў НАТА ў агрэсіўных дзеяннях супраць Беларусі[16].
Апраўдваў бяздзеянне беларускіх улад падчас пандэміі COVID-19[17].
Пасля масавых мірных пратэстаў, выкліканых фальсіфікацыямі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і палітычным тэрорам супраць праціўнікаў А. Лукашэнкі, выступаў перад міжнароднай аўдыторыяй з публічнымі заявамі пра нібыта гвалтоўны характар пратэсту, змягчэнне рэпрэсій супраць пратэстоўцаў у выніку пагрозы страйкаў, а таксама з папярэджаннем пра незаконнасць магчымага страйку рабочых[18].
Перад беларускай аўдыторыяй заяўляў пра падтрымку пратэстаў з боку ЗША па геапалітычных матывах, выказваў шкадаванне з-за немагчымасці для рэжыму Лукашэнкі кантраляваць інтэрнэт і заяўляў пра жорсткасць амерыканскай паліцыі ў параўнанні з сілавікамі рэжыму Лукашэнкі[4][19]. Напярэдадні выбараў сцвярджаў, што лукашэнкаўскія сілавікі не будуць прымяняць масавы гвалт супраць пратэстоўцаў і папярэджваў пра гвалт з боку апазіцыі[20].
У чэрвені 2021 года агучыў пагрозу рэжыму нацыяналізаваць «Прыёрбанк» і тэлекамунікацыйнага апэратара «А1», якія належаць аўстрыйскім інвестарам, а таксама спрыяць нелегальнай міграцыі ў адказ на ўвядзенне Еўрапейскім Саюзам санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі[21].