wd wp Пошук:

Дарданэльская аперацыя

Дарданэ́льская апера́цыя (Галіпалійская бітва; Бітва пры Чанакале; турэцк.: Çanakkale Savaşı; англ.: Gallipoli Campaign) (19 лютага 1915 — 9 студзеня 1916) — маштабная ваенная аперацыя, разгорнутая ў ходзе Першай сусветнай вайны па ініцыятыве Уінстана Чэрчыля[1] краінамі Антанты, галоўным чынам Брытанскай імперыяй, з мэтай захопу Канстанцінопаля, вываду Турцыі з вайны і адкрыцця марскога шляху ў Расію[2].

Перадгісторыя аперацыі

Гл. таксама: Расійскія планы дэсантнай аперацыі на Басфоры Пасля ўступлення ў Першую сусветную вайну Турцыі, стала відавочна, што авалоданне Дарданэламі дало б Антанце бясспрэчныя перавагі. Планы такой аперацыі разглядаліся ў 1906 годзе ў Брытанскім камітэце абароны, які палічыў аперацыю вельмі рызыкоўнай. Калі гэтае пытанне паўторна абмяркоўвалася ў 1915 годзе, было выказана меркаванне, што поспех магчымы толькі ў выпадку камбініраванага прымянення сухапутных і марскіх сіл[3].

3 лістапада 1914 года лінейныя крэйсеры «Indefatigable» і «Indomitable» разам з французскімі браняносцамі «Suffren» і «Vérité» правялі кароткае бамбаванне фартоў праліва. Выпусціўшы 76 буйнакаліберных снарадаў і падарваўшы артылерыйскі склеп, караблі сышлі. Да гэтай дэманстрацыі туркі паставіліся сур’ёзна і ўзмацнілі абарону Дарданэл новымі міннымі загародамі і батарэямі.

2 студзеня 1915 года рускі Галоўнакамандуючы звярнуўся да саюзнікаў з просьбай правесці дэманстрацыю, якая магла б адцягнуць частку турэцкіх сіл з Каўказскага фронту. На наступны дзень адбылася нарада Кітчэнера з Чэрчылем, на якім было прынята рашэнне аб аказанні дапамогі Расіі. Эскадра саюзнікаў павінна была фарсіраваць Дарданэлы і прарвацца да Канстанцінопаля.

Расія з канца XIX стагоддзя распрацоўвала ўласную дэсантную аперацыю ў пралівах. У 1915 годзе абноўлены план аперацыі быў накіраваны на зацвярджэнне камандаванню, але яе ажыццяўленне было перанесена на 1917 год у сувязі з тым, што адпаведныя вайсковыя злучэнні былі адцянуты на Балканскі фронт. Каб падштурхнуць Расію да хутчэйшай высадцы ў пралівах, у сакавіку 1915 года брытанскі ўрад паабяцаў перадаць Расіі захоплены Канстанцінопаль разам з пралівамі.

План аперацыі і сілы бакоў

Умацаванні ў Дарданэлах

План аперацыі быў 11 студзеня прадстаўлены Чэрчылю віцэ-адміралам Кардэнам. Ён прадугледжваў 4 стадыі[4]:

  1. Разгром знешніх фартоў.
  2. Траленне мінных загарод і знішчэнне прамежкавых умацаванняў.
  3. Знішчэнне ўнутраных фартоў і ўмацаванняў.
  4. Выхад у Мармуровае мора.

Гэты план Кардэна быў ухвалены вышэйшым кіраўніцтвам, і да Дарданэлаў была адпраўлена англа-французская эскадра, якая налічвала 80 вымпелаў. Сярод іх былі 16 браняносцаў, 1 лінкар, 1 лінейны крэйсер, 5 лёгкіх крэйсераў, 22 эсмінцы, 9 падводных лодак, 24 тральшчыка, 1 авіятранспарт і 1 шпітальнае судна. Самымі сучаснымі караблямі ў складзе эскадры былі лінкар «Queen Elizabeth» і лінейны крэйсер «Inflexible[en]», які павінен быў прадухіліць выхад германскага «Гебена» з Дарданэл. На лінкар ускладаліся вялікія надзеі: лічылася, што яго снарады калібра 381-мм змогуць разбурыць фарты Дарданэл[5].

На пасяджэнні Ваеннага Савета 28 студзеня было прынята канчатковае рашэнне: флот у Дарданэлах будзе дзейнічаць самастойна, без дапамогі арміі.

Турэцкаму камандаванню праз шпіёнаў стала вядома аб падрыхтоўцы аперацыі, таму яно неадкладна прыступіла да ўмацавання абароны праліва[6].

Пачатак аперацыі

19 лютага 1915 года англа-французскі флот (6 лінкараў, 1 лінейны крэйсер) пачаў абстрэл асманскіх фартоў, аднак нанесці якую-небудзь істотную шкоду абарончым збудаванням турак саюзнікі не змаглі.

25 лютага саюзнікі задушылі некаторыя турэцкія берагавыя батарэі і пачалі траленне мін у праліве. За тральшчыкамі рушылі 3 лінейных карабля. Аднак па ім неўзабаве быў адкрыты агонь з турэцкіх батарэй, з прычыны чаго англічанам і французам прыйшлося адысці.

На 18 сакавіка была прызначаная генеральная атака на Дарданэлы. Кардэна змяніў іншы брытанскі адмірал Дэ Робек. Саюзнікі атрымалі падмацаванні і цяпер звялі ўсе маючыяся на тэатры караблі ў 3 дывізіі. Аднак турэцкае камандаванне таксама ўмацавала фарты і павялічыла колькасць мін у праліве.

Атака 18 сакавіка

Тонучы «Ірэзістбл».

18 сакавіка ў 10 г. 30 хв. саюзныя караблі ўвайшлі ў праліў. Туркі падпусцілі ворага бліжэй і з пануючых вышынь адкрылі шквальны артылерыйскі агонь. Браняносцы «Сюфрэн» і «Agamemnon» атрымалі цяжкія пашкоджанні, а «Gaulois», «Bouvet», «Ocean», «Irresistible» падарваліся на мінах, выстаўленых напярэдадні турэцкім мінным загараджальнікам «Nusret» (апошнія тры караблі былі патоплены). У 18 гадзін брытанскі адмірал Дэ Робек аддаў загад спыніць аперацыю. Туркі панеслі нязначныя страты (было падбіта толькі 8 гармат на берагавых батарэях).

Працяг аперацыі

Нягледзячы на правал аперацыі па фарсіраванню Дарданэл, саюзнае камандаванне не спыніла баявыя дзеянні. Новы план прадугледжваў высадку дэсанта для падаўлення турэцкіх берагавых батарэй. Для высадкі на Галіпалі было вырашана прыцягнуць не толькі англійскія і французскія, але таксама аўстралійскія, новазеландскія (АНЗАК), сенегальскія, індыйскія войскі і нават Яўрэйскі легіён. Агульная колькасць дэсанту дасягнула 81 000 чалавек і 178 гармат.

Для абароны Дарданэл туркамі была сфарміравана 5-я армія (генерал фон Сандэрс). Уся сістэма турэцкай абароны была ўзмоцнена, колькасць асманскіх войскаў у зоне праліваў была павялічана.

Панарама саюзнай эскадры. Дарданэльская аперацыя.

Высадка дэсантаў

25 красавіка 1915 года, брытанцы і іх саюзнікі пачалі высадку дэсанта на паўвостраў Галіпалі ў раёне мыса Гелес на некалькіх напрамках. Разам з асноўным напрамкам ўдару (форт Седдзюльбахір) нападаючыя распачалі шэраг адцягваючых манеўраў (фарты Арыбурн і Кумкале). Туркі (Эсад-паша) чакалі атакі і адказалі кулямётным агнём (таксама бераг быў умацаваны калючым дротам і міннымі загародамі), аднак брытанцам, нягледзячы на вялікія страты, усё ж удалося замацавацца на ўзбярэжжы.

Турэцкая пяхота на мяжы

На азіяцкім беразе ў раёне Кумкале высадзіліся французскія войскі пры актыўным удзеле рускай дэсантнай каманды крэйсера «Аскольд». Мэтай таксама было адцягненне сілаў праціўніка ад асноўнага месца дэсанту на паўвостраве Галіпалі. У першы дзень французам удалося ўзяць 2 вёскі, аднак падаспеўшыя часткі 3-й турэцкай дывізіі спынілі прасоўванне французаў. Французскія войскі назад былі пасаджаны на караблі і перавезены на еўрапейскі бераг. Камандзір рускай дэсантнай каманды лейтэнант С. Карнілаў за правядзенне аперацыі быў узнагароджаны ордэнам Святога Георгія, а таксама замежнымі ордэнамі Ганаровага легіёну і каралевы Вікторыі.

Пасля першага дня дэсантнай аперацыі страты саюзнікаў былі велізарныя: каля 18 000 чалавек. 5-я асманская армія практычна цалкам выканала сваю задачу. Для таго, каб канчаткова скінуць дэсанты праціўніка ў мора, асманскаму камандаванню не хапала сродкаў. Страты рускіх склалі толькі некалькі матросаў з дэсантнай каманды. Усе яны былі пахаваныя на міжнародных могілках у Галіпалі, на французскім участку.

Баявы атрад добраахвотнікаў з яшчэ нейтральнай тады Грэцыі узначальваў Паўлас Гіпарыс. Разам з англійскімі часткамі на паўвостраў высадзіўся і «Сіёнскі атрад паганятых мулаў» («Zion Mule Corps»), сфармаваны з добраахвотнікаў-яўрэяў для сумеснай з англічанамі барацьбы з Асманскай імперыяй.

Бітва за Крыцію

Пасля высадкі дэсанту англа-французскае камандаванне прыняло рашэнне прасоўвацца ўглыб паўвострава. Галоўнай задачай англа-французскіх войскаў стаў захоп вёскі Крыція да прыбыцця дадатковых турэцкіх сіл на Галіпалі. 28 красавіка англа-французскія войскі пачалі наступ на Крыцію. Першапачаткова саюзныя падраздзяленні занялі ўскраіны Крыціі, аднак падаспеўшыя турэцкія падмацаванні спынілі прасоўванне англа-французаў. Лютыя баі за Крыцію працягваліся ўвесь дзень. Пасля таго як стала ясна, што Крыцію захапіць не атрымаецца, камандуючы аперацыяй Гамільтан аддаў загад аб спыненні бою.

У маі англа-французы паспрабавалі пашырыць плацдармы, аднак упартыя баі, якія доўжыліся ў маі, не прынеслі ім вынікаў. 6 мая саюзнікі зноў распачалі спробу захапіць Крыцію. Аднак пасля працяглых і кровапралітных баёў Крыція засталася ў руках асманскіх войскаў. 4 чэрвеня англа-французы зноў пачалі наступ на Крыцію. Першапачаткова саюзнікам удалося моцна прасунуцца наперад, але неўзабаве туркі з дапамогай палявой артылерыі спынілі прасоўванне саюзнікаў. 5 чэрвеня туркі правялі дзве буйныя контратакі, якія былі адбітыя, падчас гэтых нападаў быў цяжка паранены начальнік французскага корпуса генерал Гуро. Пазней было прынята рашэнне не падтрымліваць аперацыю сіламі флоту, якія былі адпраўленыя на базы.

Баі ў жніўні

Гл. таксама: Высадка ў заліве Суўла і Знікненне Норфалкскага палка Пасля гэтых няўдач саюзнае камандаванне прымае рашэнне павялічыць колькасць войскаў. Для гэтага ў Галіпалі былі перакінутыя яшчэ 5 дывізій. Высадка ў бухце Суўла пачалася 6 жніўня. Саюзныя войскі ў Габа-Цэпе, каб палегчыць становішча высаджваючыхся частак, перайшлі ў наступленне. Да 8 жніўня было высаджана 10 000 чалавек. У жніўні на ўсіх участках фронту завязаліся жорсткія баі. Аднак прасунуцца наперад англічанам не ўдалося. Нясучы цяжкія страты, яны прыпынілі свой рух. У канцы жніўня стала ясна, што Дарданэльская аперацыя трывае няўдачу.

Эвакуацыя

7 снежня Брытанскі ўрад аддае загад аб эвакуацыі саюзных войскаў з Галіпалі, якая завяршылася 9 студзеня 1916 года.

Страты

Вынікі

Перамога асманскай арміі ў Галіпала мела вялікае палітычнае і маральнае значэнне, паколькі развеяла міф як аб уласнай непаўнавартаснасці, так і аб перавазе еўрапейскіх праціўнікаў. Для турак жа ў гістарычнай памяці Галіпалійская бітва мае асаблівае значэнне яшчэ і таму, што адным з арганізатараў абароны Дарданэл быў Мустафа Кемаль, будучы заснавальнік і прэзідэнт Турэцкай Рэспублікі (Атацюрк). Шмат у чым дзякуючы поспеху Турцыі і Германіі Балгарыя ўступіла ў вайну на іх баку. Чэрчыль як ініцыятар аперацыі быў вымушаны сысці ў адстаўку[9].

Памяць

Памяць у Турцыі

Урачыстая цырымонія з нагоды 100-годдзя перамогі

24 красавіка 2015 года ў Турцыі прайшла ўрачыстая цырымонія з нагоды 100-годдзя перамогі ў бітве пры Чанакале. У цырымоніі прымалі ўдзел кіраўнікі дзяржаў 21 краіны, а таксама высокапастаўленыя асобы з больш чым 70 краін. Сярод іх — прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган, прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў, наследнік брытанскага пасаду Прынц Уэльскі Чарлз, якія выступілі з прамовай[10].

На плошчы помніка «Шэхідляр(англ.) бел.», дзе луналі дзяржаўныя сцягі краін-удзельніц бітвы, быў пастроены ганаровы каравул. Да помніка былі ўскладзены вянкі. Затым хвілінай маўчання была ўшанавана памяць загінуўшых у бітве Чанакале і Мустафы Кемаля Атацюрка, першага прэзідэнта Турцыі. Пасля гэтага прагучаў дзяржаўны гімн Турцыі, былі прачытаныя аяты з Карана і малітвы за спачын душы шахідаў.

Памяць у Аўстраліі і Новай Зеландыі

Памінанне загінуўшых на Галіпалі ў горадзе Перт на заходнім узбярэжжы Аўстраліі

Дарданэльская аперацыя стала баявым хрышчэннем АНЗАК — першай і найбуйнейшай бітвай у гісторыі Аўстраліі і Новай Зеландыі. Дзень пачатку аперацыі 25 красавіка ў гэтых краінах адзначаецца як нацыянальны дзень памінання[11]. Масавае вынішчэнне маладых людзей у незразумелай вайне на іншым канцы Зямнога шара прымусіла дамініёны ў перспектыве перагледзець адносіны з метраполіяй[12]. У свядомасці аўстралійцаў замацавалася ідэя, што асноўны цяжар баёў ўзялі на сябе аўстралійцы, у той час як брытанскае камандаванне прадэманстравала свой непрафесіяналізм і наплявацельскае стаўленне да людскіх страт[13].

У мастацтве

Аўстралійскі фільм Піцера Уіра «Галіпалі» (1981) распавядае пра трагічны лёс аўстралійскіх навабранцаў, якія трапілі ў бойню на берагах Турцыі. Новазеландскі рэжысёр Пітэр Джэксан заявіў пра намер зняць працяг фільма «Галіпалі». Джэксан, чый дзядуля прымаў удзел у ваенных дзеяннях, мае намер скончыць працу над фільмам у 2015 годзе, да 100-гадовай гадавіны Дарданэльскай аперацыі[14]. У 2014 годзе выйшла драма рэжысёра і выканаўцы галоўнай ролі Расела Кроу «Шукальнік вады», дзеянне якой разгортваецца ў 1919 годзе: у цэнтры сюжэту карціны аўстраліец, які адправіўся з роднай Аўстраліі ў Турцыю, каб знайсці сваіх траіх сыноў, зніклых без вестак на Галіпальскім паўвостраве.

Турэцкія кінастужкі «Чанакале год 1915» (2012) і «Канец дарогі ў Чанакале» (2013) апавядаюць пра Дарданэльскай аперацыі з боку асманскіх салдат.

У шведскай хэві-паўэр-метал групы Sabaton ёсць песня «Cliffs of Gallipoli» («Скалы Галіпалі») (якая ўваходзіць у аднайменны сінгл альбома «The Art of War»), якая апавядае аб Дарданэльскай аперацыі.

У 2005 годзе турэцкім рэжысёрам Толга Арнекам быў зняты аб галіпалійскай кампаніі дакументальны фільм «Геліболу».

У 2015 годзе выйшаў міні-серыял «Галіпалі», які складаецца з сямі серый і які распавядае аб чатырох маладых аўстралійскіх хлопцаў, якія запісаліся добраахвотнікамі ў армію. У серыяле паказаны ўсе жахі тых бітваў, бязглуздыя загады камандзіраў і тое, як гэта ўсё падавалася мірным грамадзянам Вялікабрытаніі.

Зноскі

  1. Erik Goldstein. Wars and Peace Treaties: 1816 — Present. Routledge, 1992. Page 43.
  2. The Encyclopaedia Britannica, Vol.7, Edited by Hugh Chisholm, (1911)
  3. Коленковский А. К. Дарданелльская операция. — М.-Л.: Гиз, 1930.
  4. Больных А. Г. Морские битвы Первой мировой: Трагедия ошибок. — М.: АСТ, 2002
  5. Вильсон x. Линкоры в бою. 1914—1918 гг. — М.: Изографус, ЭКСМО, 2002. — 432 стр.
  6. Первая мировая война на море — Мн.: Харвест; М.: ACT, 2001
  7. Галлиполи — сражение 1915 года
  8. Самое кровавое поражение Черчилля, 2014, с. 139
  9. Jay Winter. Legacy of the Great War: Ninety Years On. University of Missouri Press, 2009. Page 67.
  10. Ильхам Алиев принимает участие в церемонии, посвященной 100-летию Победы при Чанаккале, в Турции // Официальный интернет сайт Президента Азербайджанской Республики. 24 апреля 2015.
  11. День АНЗАК и 100-летняя годовщина сражения при Галлиполи Архівавана 4 кастрычніка 2015.
  12. Trevor Owen Lloyd. Empire: The History of the British Empire. ISBN 978-1-85285-259-7. Page 146.
  13. Eric Montgomery Andrews. The Anzac Illusion: Anglo-Australian Relations during World War I. Cambridge University Press, 1994. ISBN 978-0-521-41914-7].
  14. The Lord of Gelibolu Архівавана 14 кастрычніка 2012.(тур.).

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (17):
Катэгорыя·Вялікабрытанія ў Першай сусветнай вайне
Катэгорыя·Новая Зеландыя ў Першай сусветнай вайне
Катэгорыя·Бітвы Вялікабрытаніі
Катэгорыя·Бітвы Аўстраліі
Катэгорыя·Бітвы Францыі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з вікі-разметкай у малюнку карткі
Катэгорыя·Асманская імперыя ў Першай сусветнай вайне
Катэгорыя·Канфлікты 1916 года
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Старонкі з модулем Hatnote з чырвонай спасылкай
Катэгорыя·Францыя ў Першай сусветнай вайне
Катэгорыя·Бітвы Новай Зеландыі
Катэгорыя·Бітвы Першай сусветнай вайны
Катэгорыя·Бітвы паводле алфавіта
Катэгорыя·Канфлікты 1915 года
Катэгорыя·Германія ў Першай сусветнай вайне
Катэгорыя·Бітвы Асманскай імперыі