Данііл Архіпавіч Агарэнка (15 мая 1910, с. Вярблюжка[uk] Наўгародкаўскага раёна Кіраваградскай вобласці, УССР — 10 красавіка 1948, г. Гомель, БССР) — супрацоўнік савецкіх органаў унутраных спраў, загінуў падчас выканання службовых абавязкаў[1][2].
З 1932 па 1935 год у шэрагах Чырвонай Арміі. Служыў малодшым камандзірам (памочнік камандзіра ўзвода) 72-га, потым 70-га стралковага палка 24-й Самара-Ульянаўскай Ленінградскай дывізіі, у 1933 г. пераведзены ў воінскую часць на Далёкі Усход.
У органах унутраных спраў з 1935 г. — міліцыянер дывізіёна ведамаснай міліцыі Гомеля. Тады ж прызначаны участковым упаўнаважаным 2-га гарадскога аддзялення міліцыі Гомеля. У 1937 г. прызначаны на пасаду оперупаўнаважанага аддзела крымінальнага вышуку УНКУС Гомельскай вобласці.
Актыўны ўдзельнік баёў па абароне Гомеля ад нацыскіх захопнікаў улетку 1941 г. З 1941 па 1943 год — оперупаўнаважаны Бальша-Глушыцкага раённага аддзялення УНКУС Куйбашаўскай вобласці. Непрацяглы час у 1943 г. працаваў оперупаўнаважаным 14-га аддзялення міліцыі Масквы. З вызваленнем Гомеля ў лістападзе 1943 г. пераведзены оперупаўнаважаным аддзела крымінальнага вышуку упраўлення міліцыі УНКУС Гомельскай вобласці. З 1 ліпеня 1947 г. — начальнік 4-га гарадскога аддзялення міліцыі Гомеля. Супольна з іншымі супрацоўнікамі міліцыі Гомельскай вобласці ўдзельнічаў у выкрыцці буйной групы спекулянтаў, якія дзейнічалі Мазыры, Гомелі і Астрахані[3]. Загінуў 10 красавіка 1948 г. падчас затрымання ўзброенага злачынцы[4][5].
Пахаваны ў Гомелі на могілках у Прудку[1]. На момант гібелі меў званне маёра[6].
З 1945 г. у розных раёнах Гомельскай вобласці, знаходзячыся на нелегальным становішчы, хаваўся нехта Безуеўскі — старшы следчы і начальнік крымінальнага аддзела Гомельскай раённай паліцыі ў перыяд нямецкай акупацыі. Займаўся рабаўніцтвам. Увесну 1948 г. Д. А. Агарэнка атрымаў звесткі, што азначаная асоба перабывае ў Гомелі на тэрыторыі 4-га аддзялення міліцыі. На месца меркаванага знаходжання злачынцы начальнік аддзялення выехаў разам з групай супрацоўнікаў. Падчас агляду кватэры міліцыяй, Безуеўскі, які затаіўся пад ложкам, стрэлам з абрэза вінтоўкі забіў Д. А. Агарэнку. Адстрэльваючыся, злачынец здолеў уцячы, але праз тры дні быў затрыманы ў Уваравіцкім раёне[7].
Узнагароджаны медалямі «За баявыя заслугі», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне», «За доблесную працу». Указам Прэзідыума ВС БССР у 1945 г. ўзнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР[8].
У 1968 г. іменем Д. А. Агарэнкі названа адна з вуліц Чыгуначнага раёна Гомеля. На будынку Чыгуначнага РАУС Гомеля ўсталявана мемарыяльная шыльда[6].