«Грамадзянін Кейн» (англ.: Citizen Kane) — амерыканскі драматычны кінафільм 1941 года, першы поўнаметражны фільм 25-гадовага Орсана Уэлса, які сыграў у ім галоўную ролю. Фінансавала здымкі кінакампанія «RKO Radio Pictures». На працягу колькіх дзесяцігоддзяў рэгулярна перамагаў у маштабных апытаннях кінапрафесіяналаў як «найлепшы фільм усіх часоў і народаў».[8][9]
Фільм расказвае гісторыю жыцця медыямагната Чарльза Фостэра Кейна, за прататып якога быў узяты Уільям Рэндальф Хёрст. Спярша Кейн прысвячае сваё жыццё ідэі служэнню грамадству, але па нейкім часе пачынае імкліва ператварацца ў чалавека, які ўжывае свае велізарны капітал і ўладу для задавальнення жаданняў і выбрыкаў уласнага эга. Фільм пабудаваны суздром на прынцыпе флэшбэкаў: дзея адбываецца на фоне журналісцкага расследавання, што вядзе рэпарцёр, якому далі заданне высветліць гісторыю перадсмяротных Кейнавых слоў («бутон ружы»).