Гео́рг фон дэр Ма́рвіц (ням.: Georg von der Marwitz; 7 ліпеня 1856, Штольп, правінцыя Памеранія, каралеўства Прусія (цяпер — Слупск, Паморскае ваяводства, Польшча) — 27 кастрычніка 1929) — германскі ваенны дзеяч, кавалерыйскі генерал, удзельнік Першай сусветнай вайны.
Георг фон дэр Марвіц уступіў у германскую армію ў 1875 годзе. У 1883—1886 гадах наведваў Ваенную акадэмію, да 1900 года камандаваў пяхотным палком, затым служыў начальнікам штаба XVIII корпуса. Перад пачаткам Першай сусветнай вайны знаходзіўся на пасадзе генерал-інспектара кавалерыі.
З пачаткам вайны ў 1914 годзе служыў на Заходнім фронце, камандаваў нямецкімі войскамі ў бітве пры Халене. Пасля гэтага быў пераведзены на Усходні фронт, атрымаў камандаванне над зноў сфармаваным XXXVIII рэзервовым корпусам, які прыняў удзел у Мазурскай бітве зімой 1915 года. Затым быў пераведзены на поўдзень, дзе кіраваў баявымі аперацыямі супраць рускіх войскаў сумесна з аўстра-венгерскай арміяй. 7 сакавіка 1915 года быў узнагароджаны вышэйшай ваеннай узнагародай Прусіі — ордэнам «Pour le Mérite».
Акрыяўшы пасля хваробы восенню 1915 года, працягнуў службу на Заходнім фронце ў якасці камандзіра VI корпуса. Знаходзіўся на Усходнім фронце падчас Брусілоўскага наступу летам 1916 года.
З 6 кастрычніка 1916 года — ад’ютант кайзера Вільгельма II. У снежні 1916 года пакінуў гэты пост і прыняў камандаванне 2-й арміяй на Заходнім фронце.
У лістападзе 1917 года камандаваў нямецкімі войскамі ў бітве пры Камбрэ, першай у гісторыі бітве, у якой у масавай колькасці былі задзейнічаныя танкі.
З верасня 1918 года камандаваў 5-й арміяй, кіраваў германскімі войскамі ў Сен-Міельскай аперацыі.
Пасля заканчэння вайны выйшаў у адстаўку. Памёр 27 кастрычніка 1929 года ва ўзросце 73 гадоў.